Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс сказаў, што няма «ніякіх сумненьняў», што сырыйскі ўрад стаіць за нападам, які забраў жыцьці дзясяткаў чалавек. Пэнс заклікаў Расею выканаць сваю частку зьдзелкі, якая мае на мэце зьнішчэньне хімічнай зброі ў Сырыі.
У інтэрвію тэлеканалу Fox News 5 красавіка Пэнс сказаў, што прыйшоў час для Масквы «трымаць слова наконт таго, што яны зрабілі для ліквідацыі хімічнай зброі, каб яна больш не пагражала людзям у гэтай краіне». Віцэ-прэзыдэнт ЗША абвінаваціў папярэднюю адміністрацыю Барака Абамы за заключанае ў 2013 годзе пагадненьне аб хімічнай зброі ў Сырыі, заявіўшы, што гэта прывяло да найгоршай хімічнай атакі за больш чым чатыры гады.
Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан таксама заявіў, што «для расейцаў сапраўды настаў час падумаць пра сваю пастаянную падтрымку рэжыму Асада».
Эмацыйна адрэагаваў на паведамленьне і відэакадры з Сырыі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. «Гэты напад на дзяцей моцна паўплываў на мяне. Гэта было жудасна. Я глядзеў і бачыў гэта, і няма нічога горшага за гэта», — сказаў Трамп.
Паводле зьвестак Бюро назіраньня за правамі чалавека ў Сырыі, якое мае інфарматараў на месцах падзеяў, па стане на сераду колькасьць загінулых у выніку паветранага ўдару з ужываньнем хімічнай зброі ў Хан-Шайхуне узрасла да ўжо сама меней 72 чалавек, зь іх каля паловы — жанчыны і дзеці.