Ігар Казьмярчак атрымаў штраф 25 базавых велічынь (575 рублёў) за ўдзел у «маршы недармаедаў» у Воршы 12 сакавіка. Ігар Казьмярчак узначальвае аршанскі рэгіянальны партал Оrsha.eu.
Паседжаньне вяла судзьдзя Юлія Хаткевіч.
Пратакол аб правапарушэньні склалі не адразу пасьля акцыі, як было з шэрагам іншых удзельнікаў, а праз два тыдні. Затрымалі Ігара толькі 26 сакавіка, калі ён ішоў у цэнтар гораду, дзе зноў зьбіраліся незадаволеныя дэкрэтам № 3. У пастарунку супрацоўнікі міліцыі сказалі чакаць позвы ў суд.
Увечары 4 красавіка Казьмерчаку патэлефанаваў участковы і сказаў, што 5-га ранкам актывіста чакаюць у райадзьдзеле міліцыі. Навошта — ніхто не патлумачыў. Як высьветлілася, выклік быў усяго толькі нагодай, каб неадкладна накіраваць Ігара Казьмерчака на судовы разбор.