Гомельскага блогера Максіма Філіповіча вызвалілі пасьля 25 сутак арышту.
Пра гэта паведамілі ў Савецкім РАУС Гомеля сябрам, якія прыйшлі яго сустрэць. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што Максім пайшоў дахаты пешкі. У РАУС яго прывезьлі з ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ).
Сябры сустрэлі Максіма па дарозе з РАУСа.
Максім Філіповіч расказаў, што з ізалятара яго адвезьлі ў РАУС. Блогер паведаміў, што на яго складзены пратакол за ўдзел у акцыі ў Пінску. «Не разумею, што мне будзе інкрымінавана? Я прыехаў у Пінск. Там нікога ня ведаў. Вельмі мала людзей. Думаў зьняць з вышыні, знайшоў кропку. Зьняў. Ідзе мужчына з дачкой, кажа: „Прывет, зорка!“. Раблю некалькі крокаў, як тры амбалы мяне ламаюць. Яны мяне заломваюць, цягнуць. „Хто вы такія? — пытаюся. — Пасьведчаньні вашы?“ Я крычаў некалькі разоў, каб яны назваліся. Я пачаў крычаць: „Народ!“ Я зваліўся з ног, альбо мяне зьбілі. У мяне пасьля гэтага былі гематомы, якія я зафіксаваў. Мяне пачалі цягнуць па плітцы, народ пачаў бегчы. Яны кінулі мяне на плітку і зьбеглі. Людзі мяне акружылі, падхапілі, падышлі журналісты. І там больш нічога не было. Мяне праводзілі, і я паехаў. Чаго хочуць, ня ведаю. Справу накіравалі ў Пінск. Позвы не было, калі суд — невядома», — сказаў Максім Філіповіч.
Максім дадаў, што ў гомельскім ізалятары было шмат людзей, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі.
«У ізалятары было ўсё добра. З начальнікам два разы размаўлялі. Адрамантавалі радыё, слухалі радыё ФМ. Нешта чуў, нечага ня чуў».
На пытаньне, як кармілі ў ізалятары, Максім адказаў: «Ежа — 50 на 50. Прывозяць са сталоўкі. Бывае клясна, капуста наварыстая. А бывае такое, што проста кашмар. Усё залежыць ад зьмены».
Максім сказаў, што лісты, апроч чатырох, якія аддалі раней, ён атрымаў, калі выходзіў з ізалятара.
Відэатрансьляцыя сяброў Максіма Філіповіча.
31 сакавіка блогер павінен быў выйсьці на свабоду. Каля будынка ІЧУ яго чакалі жонка, маці і сябры. Але дзяжурны ІЧУ паведаміў, што Філіповічу дабавілі яшчэ 7 сутак арышту — за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Маладэчне. Пазьней высьветлілася, што адміністрацыйную справу за ўдзел у мітынгу ў Маладэчне разглядаў 29 сакавіка суд Савецкага раёну Гомля. Судзьдзя Алена Шайн пакарала блогера арыштам на сем сутак.