4 красавіка ў офісе Нямецкага фонду Маршала прайшла канфэрэнцыя, прымеркаваная да 25-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю.
Перш плянавалася, што ў канфэрэнцыі возьмуць удзел прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, а таксама дыпляматычнага прадстаўніцтва Беларусі ў ЗША, аднак пасьля падзеяў 25–26 сакавіка фармат быў зьменены. Асноўнай тэмай сталі магчымая рэакцыя і крокі ЗША ў дачыненьні да ўладаў Беларусі на фоне рэпрэсіяў апошніх тыдняў.
Напачатку быў прадстаўлены даклад пра тое, як мяняліся дыпляматычныя адносіны паміж ЗША і Беларусьсю. Аўтары вызначаюць некалькі этапаў у стасунках: пачатны рост (1991–1994), спад (1994–1996), глыбокі крызіс (1996–2008), спробу нармалізацыі (2008–2010 гады), новы крызіс (2010–2014 гады) і яшчэ адну спробу нармалізацыі (пасьля 2014).
«Гэтыя ваганьні абумоўленыя як унутранымі падзеямі ў Беларусі, так і няпростай пазыцыяй, якую займала краіна паміж Усходам і Захадам», — сьцьвярджаюць экспэрты Беларускага інстытуту Амэрыкі.
У дыскусійных панэлях канфэрэнцыі бралі ўдзел дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі Нямецкага фонду Маршала Ёрг Форбрыг, навуковы супрацоўнік Нямецкага фонду Маршала Джонатан Кац, амбасадар ЗША ў Беларусі ў 1994–1997 гг. Кэнэт Ялавіц, старэйшы дырэктар у правах чалавека і свабодах Інстытуту Маккейна Дэйвід Крэймэр, старшыня Паўночнаамэрыканскай асацыяцыі беларускіх дасьледаваньняў, былы кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі Скот Роўланд, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч ды іншыя.
У выступах закранулі і тэму санкцыяў, на што Дэйвід Крэймэр адрэагаваў:
"З аднаго боку, я хачу, каб людзі ў Беларусі лепш жылі. А зь іншага боку, з прычыны пераважнай ролі дзяржавы ў эканоміцы, падтрымка эканамічнай рэформы дапамагае Лукашэнку. Магчыма, я чалавек старой школы. Я хачу аказаць максымальны ціск. Не хачу рабіць яму жыцьцё прасьцейшым. Бо ня веру, што ён здольны на рэальную лібэралізацыю".
На канфэрэнцыю таксама прыйшоў прадстаўнік беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў ЗША і зачытаў афіцыйны ліст, у якім, сярод іншага, Рэспубліка Беларусь заклікае ЗША да супрацы.
Your browser doesn’t support HTML5
Арганізатары сьцьвярджаюць, што гэта першая канфэрэнцыя такога фармату. Яна арганізаваная сумесна Беларускім інстытутам Амэрыкі (БІА) і Нямецкім фондам Маршала ЗША (НФМ) і ў будучыні будзе служыць форумам для абмеркаваньня магчымасьцяў, пэрспэктываў і магчымых кірункаў дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю.
Беларускі інстытут Амэрыкі (БІА) — некамэрцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2015 годзе для разьвіцьця і падтрымкі навукова-дасьледных, аналітычных і грамадзкіх ініцыятываў, а таксама пашырэньня ведаў пра Беларусь у Злучаных Штатах і за мяжой.
Нямецкі фонд Маршала, ЗША (НФМ) умацоўвае трансатлянтычную супрацу ў адказах на рэгіянальныя, нацыянальныя і глябальныя выклікі ў духу пляну Маршала. Заснаваны ў 1972 годзе як бесстароняя некамэрцыйная арганізацыя, НФМ уносіць свой уклад у дасьледаваньні, аналіз і аб’яднанне лідэраў у трансатлянтычных пытаньнях.