Дысыдэнт Алекса Кліменка: «Канваір сказаў: нас прэсуе начальства, мы прэсуем вас»

Алекса Кліменка

Алекса Кліменка, 27 гадоў. Называе сябе «беларускім дысыдэнтам». Лічыць, што «грамадзкі актывіст» гучыць занадта патасна. Ад біржы працы праходзіць курсы па адной з будаўнічых спэцыяльнасьцяў. Адкрыты гомасэксуал.

Імя Алекса (беларускае вытворнае ад старажытнагрэцкага «Аляксей») — сапраўднае, так запісана ў пашпарце ад 2013 году.

Затрыманы 25 сакавіка на Дні Волі. Асуджаны на чацьвёра сутак.

— Мяне затрымлівалі людзі ў цывільным. Адзін крыкнуў: «Глядзі, глядзі, гэта той самы п...р!»

Адкуль мяне ведалі? Мяне затрымлівалі ў 2016 годзе каля расейскай амбасады на пікеце ў падтрымку ўкраінскай вайскоўкі Надзеі Саўчанкі.

Пасьля ў судзе сьведчылі іншыя, ня тыя, хто затрымліваў. Нават месца затрыманьня назвалі не сапраўднае — вуліца Багдана Хмяльніцкага, хоць затрыманьне было насупраць прыпынку «Петруся Броўкі». Прад’явілі «не падпарадкоўваўся міліцыі», «брудна лаяўся». А вось самі міліцыянты ўжывалі выразы кшталту «закрыл е...о!»

У РУУС я не сказаў ні слова

Я і тады ніколі не адказваў на пытаньні міліцыі, і гэтым разам у Цэнтральным РУУС маўчаў.

Я ведаю, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дазваляе ня сьведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх. Паколькі мяне схапілі з парушэньнем усіх працэдур, вельмі груба, па-бандыцку фактычна, я вырашыў сваё права гіпэртрафаваць да такой ступені, каб не размаўляць зусім. Увесь час, што я знаходзіўся ў РУУС, я ўвогуле ня выдаў ані слова.

Хіба толькі перасоўваўся, а так — не адгукаўся падчас пераклічкі, не называў сябе, ды наагул ня выдаў зь сябе ані гуку, пакуль не прывезьлі на Акрэсьціна. Там маўчаць было бяз сэнсу, не яны ж «справы шыюць».

А ў РУУС я вельмі раззлаваў міліцыянтаў, калі зь мяне здымалі адбіткі пальцаў. Я не супраціўляўся, але і не дапамагаў, зрабіў руку млявай. Гэта такі мой мэтад негвалтоўнага супраціву.

Малады экспэрт, які мусіў здымаць адбіткі, бегаў вакол і прыгаворваў:

«Ну, усё! Ты папаў! Я нават глядзець на гэта ня буду, як прыйдзе дзядзя Валодзя». Я падумаў, што будуць катаваньні.

«Ну, усё! Ты папаў! Я нават глядзець на гэта ня буду, як прыйдзе дзядзя Валодзя». Я падумаў, што будуць катаваньні.

Зайшоў здаравенны лысы прапаршчык. Відаць, мянушку яму далі таму, што да ўсіх затрыманых ён зьвяртаўся «Эй, дзядзя!». А як да «цёць» зьвяртаўся, я ня ведаю, бо адзіную затрыманую з намі дзяўчыну амаль адразу завялі ўнутр, пасьля я яе ня бачыў.

Міліцыянты пакрыквалі матам

Тое, што мы ў Цэнтральным РУУС, я зразумеў, калі мы пад’яжджалі ў мікрааўтобусе — бачыў раней фатаздымкі будынка. Самі міліцыянты нічога не тлумачылі, не адказвалі на пытаньні, толькі час ад часу пакрыквалі, у тым ліку матам.

Большасьць часу ў РУУС мы правялі ва ўнутраным дворыку. І я, і іншыя былі зьбітыя падчас затрыманьня. Большасьць стаялі на расьцяжцы дагары рукамі, я — у кайданках за сьпінай. Пасьля кайданкі зьнялі. Нікому не дазвалялі схадзіць у прыбіральню. Падвечар пайшоў сьнег.

У мяне была шапка і капюшон, побач са мною стаяў хлопец зь непакрытай галавой. Я незаўважна перадаў яму шапку. Ужо пасьля на судзе я дазнаўся, што гэта той самы Дзяніс Садоўскі — адказны сакратар БХД.

У дворыку нас сьцераглі курсанты, яны самі стаміліся і абыякава ставіліся да таго, калі людзі расслабляліся, апускалі рукі са сьцяны.

Тады выйшаў «дзядзя Валодзя» і крыкнуў:

«А ну, граждане бічы, хобаты ў сьценку ўставілі!»

«А ну, граждане бічы, хобаты ў сьценку ўставілі!»

Пагражаў у кайданкі закаваць.

Урэшце нас пагрузілі ў аўтобус, у кабіну сеў «дзядзя Валодзя» і сказаў, што зараз нас завязуць да мэтро Пушкінская і ўсіх адпусьцяць. Мы калі выяжджалі з РУУС, адзін затрыманы намаляваў на запацелым шкле лічбу «11». Паказаў назіральнікам, якія сачылі звонку, колькі затрыманых засталося. Бо некаторых павыпускалі.

Важна зазначыць, што ў РУУС мяне з пратаколам затрыманьня не азнаёмілі.

Нас прывезьлі не на Пушкінскую, а на Акрэсьціна.

Гэта было каля 20.00 25 сакавіка. Ведаю, бо ў мяне чамусьці не адабралі гадзіньнік.

Суд

Празь дзьве ночы, раніцай 27-га, мяне павезьлі ў суд. Нас сустрэлі аплядысмэнтамі людзі, што сабраліся перад будынкам.

Каля мяне вялі на суд, я сустрэў сваю бабулю, якая прыйшла мяне падтрымаць. І тут я зноў убачыў «дзядзю Валодзю». Я кажу бабулі: «Вось, глядзі, чалавека клічуць „дзядзя Валодзя“, займаецца катаваньнямі ў Цэнтральным РУУС. Запомні яго, калі ласка. Калі зможаш, перадай інфармацыю іншым». «Дзядзя Валодзя» ўсьміхнуўся так нядобра.

Мая судзьдзя — Вікторыя Шабуня, сумнавядомая многім, хто быў асуджаны з палітычных матываў. Я прытрымліваюся той пазыцыі, што пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году ў краіне існуе брак легальных інстытутаў улады. Сілавыя і судовыя структуры, якія залежаць асабіста ад грамадзяніна Лукашэнкі, я не прызнаю легальнымі. Таму я вырашыў адразу выказаць суду свой поўны недавер і непрызнаньне.

Калі я пачуў «Устаць, суд ідзе!», я ня ўстаў, але на гэта ніхто не адрэагаваў.

Калі я пачуў «Устаць, суд ідзе!», я ня ўстаў, але на гэта ніхто не адрэагаваў.

У кабінэце, апроч судзьдзі, былі сакратар, некалькі канвойных міліцыянтаў, мая бабуля і я.

Калі мяне паклікалі адказваць судзьдзі, я выдаў падрыхтаваную прамову: «Я беларускі дысыдэнт. Я змагаюся супраць жорсткага і цынічнага рэжыму асабістай улады Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Я не прызнаю ўвесь гэты фарс і не зьбіраюся ўдзельнічаць у яго хлусьлівых цырымоніях».

Я крыкнуў «Далоў фальшывы суд!» і «Ганьба рэжымнаму крывасудзьдзю!». Судзьдзя адразу выбегла з кабінэту.

Я крыкнуў «Далоў фальшывы суд!» і «Ганьба рэжымнаму крывасудзьдзю!». Судзьдзя адразу выбегла з кабінэту.

Канваіры: «Што гэта петушок раскукарэкаўся?! Ну ўсё, ты папаў. Ціпер цібе будзет крымінальнае дзела за аскарбленіе суда».

Я маўчу. Хоць і перажываю. Я зрабіў прамову так, каб нікога не абразіць пэрсанальна, але мала што ім на розум прыйдзе. А пасьля вярнулася судзьдзя і заявіла, што маё хадайніцтва па адводу судзьдзі адхіленае. Вось так перакруцілі! Я ніякіх хадайніцтваў не рабіў.

Мяне вярнулі ў вялікую залю ў будынку суду. Туды зайшоў «дзядзя Валодзя». Кажа: «А што ты гэта ты мяне абвінаваціў у нейкіх «катаваньнях»? Я тлумачу на расейскую: «Катаваньні» — «пытки». — «Дзе гэта ты бачыў, што я кагосьці катаваў?» — «Псыхалягічныя катаваньні — таксама катаваньні», — адказваю.

«Дзядзя Валодзя» пытае: «А што гэта мае хлопцы абвінавачваюць цябе ў тым, што ты гей?» Кажу: «Што значыць „абвінавачваюць“, гомасэксуальнасьць — гэта інстынкт, біялёгія, як у гэтым можна абвінавачваць?»

Прачытаў міліцыянту невялікую лекцыю на тэму, што такое гомасэксуальнасьць.

Прачытаў міліцыянту невялікую лекцыю на тэму, што такое гомасэксуальнасьць.

Кажу, што гей-парадамі не займаюся, а шлюб патрэбны зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Толькі сужонца пусьцяць у лякарню ці ў турму на спатканьне. Далей спрэчкі не было.

Турма на Акрэсьціна

На Акрэсьціна вярталіся ўтрох, астатнім прысудзілі штрафы. Я атрымаў свае чацьвёра сутак па двух абвінавачаньнях. Гэтым разам ня ў Цэнтар часовага ўтрыманьня, а ў суседні будынак — у Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Там да нас ставіліся значна больш жорстка.

Паводле правілаў там трэба распранацца дагала, прысядаць. Глядзяць, ці ня вываліцца зь цябе што. Калі я распранаўся, зайшоў «дзядзя Валодзя», і сказаў прысутным міліцыянтам: «Ды гэта ж гей!» Ня ведаю, навошта сказаў, але міліцыянты да інфармацыі засталіся абыякавыя.

Гэтым разам у камэры былі Віктар Нікіценка, блогер, Юры Громаў, той самы, што проста тэпці купляў у ЦУМе, журналіст Аляксандар Баразенка, Мікіта Самарын з Горадні, Дзьмітры Сільчанка, Дзьмітры Кавалгін і я.

29 сакавіка нас ператасавалі. Я трапіў у трэцюю камэру. За пару гадзін да выхаду да волю пачытаў газэту «15 сутак».

Выпісалі мне 23 рублі за чацьвёра сутак утрыманьня. Я нічога плаціць не зьбіраюся, як і раней не плаціў штрафы.

Калі выйшаў, разам зь сябрамі і бабуляй пабачыў Дзяніса Садоўскага.

Перад самым выхадам адзін з канваіраў мне сказаў: «Начальства прэсуе нас, а мы прэсуем вас».

Перад самым выхадам адзін з канваіраў мне сказаў: «Начальства прэсуе нас, а мы прэсуем вас».