Трыццаць тры скаргі на пакараньні за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту накіравалі ў абласны суд жыхары Гомля і Чачэрску. Яшчэ 8 скаргаў на бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня ў мясцовым ізалятары накіраваныя ў пракуратуру і ўпраўленьне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў пацярпелым рыхтаваць скаргі:
«Арышты і буйныя штрафы за канстытуцыйнае права на свабоду слова і мірныя сходы. Яшчэ адзін ганебны бок перасьледу людзей — умовы ўтрыманьня ў ізалятары, якія без перабольшваньня можна аднесьці да катаваньня».
У прыватнасьці, праваабаронца спасылаецца на скаргу ў Гомельскую гарадзкую пракуратуру гамельчука Андрэя Толчына. Яго пакаралі 8-суткавым арыштам за паведамленьне ў сацыяльных сетках пра «Марш недармаедаў — 2», які адбыўся ў Гомлі на Дзень Волі.
Толчын піша: «Натуральнага асьвятленьня ў камэры ізалятара няма, круглыя суткі, нават уночы, камэра асьвятляецца штучным сьвятлом. Вочы пастаянна напружваюцца, сон расстроіўся. Пэўны час я быў у адной камэры з курцом, хоць сам не куру. Камэра не абсталяваная сыстэмай вэнтыляцыі, не хапае доступу сьвежага паветра. Усё набрыняла пахам поту, мачы і экскрэмэнтаў. За восем сутак арышту былі толькі 3 прагулкі, хоць заканадаўства патрабуе штодзённых гадзінных прагулак. Па адчуваньні, ноччу ў камэры тэмпэратура апускалася да 7 градусаў цяпла па Цэльсію, днём было градусаў 12–14. Я пастаянна мёрз. Радыё ў камэры ўключалі з цэнтральнага пункту настолькі гучна, што я вымушаны быў затыкаць вушы».
У заяве пракурору Андрэй Толчын адзначае таксама, што супрацоўнікі ізалятара нематывавана адмаўляліся прыняць ад яго жонкі цёплыя рэчы, а сродкі асабістай гігіены прынялі, але перадалі толькі ў дзень выхаду на волю. Немагчыма было патэлефанаваць дадому — службоўцы ізалятара заяўлялі пра няспраўны тэлефонны апарат.
Вышэйпералічаныя ўмовы заяўнік адносіць да жорсткіх, бесчалавечных, прыніжальных для чалавечай годнасьці. А выпрабаваньні холадам, гукам і яркім сьвятлом уначы наагул лічыць катаваньнем.
Малады жыхар Чачэрску Арцём Кавалёў, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту ў Гомлі і быў пакараны 10-суткавым арыштам, расказаў у сваёй скарзе пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары пры Чачэрскім РАУСе. Дзьверы камэры там пафарбавалі, нібы наўмысна, і Арцём увесь час удыхаў едкі пах фарбы.