Блогхостынг LiveJournal («Жывы Журнал») з 4 красавіка увёў новае карыстальніцкае пагадненьне, якое забараняе блогерам публікаваць палітычную агітацыю. На зьмены ў пагадненьні карыстальніка зьвярнула ўвагу інтэрнэт-выданьне Meduza.
Для таго, каб працягнуць карыстацца сэрвісам, блогеры павінны прыняць новае пагадненьне. Пры гэтым пагадненьне дапускае разьмяшчэньне непалітычнай рэклямы.
Згодна з новымі правіламі, асобам да 14 гадоў забаронена рэгістравацца. Таксама карыстальнікам нельга заводзіць дзёньнік ад імя іншай асобы і «ўводзіць карыстальнікаў у зман адносна сваёй асобы». У правілах таксама згадваецца, што блогі з аўдыторыяй больш за тры тысячы карыстальнікаў у суткі трапляюць пад патрабаваньні «закону аб блогерах».
«Жывы Журнал» уваходзіць у голдынг Rambler & Co. Ад сьнежня 2016 году дадзеныя пра карыстальнікаў сэрвісу разьмяшчаюцца на расейскіх сэрвэрах — да гэтага яны былі на сэрвэрах, разьмешчаных у ЗША.
З 2014 году ў Расеі дзейнічае «закон аб блогерах», які прыраўноўвае блогераў да СМІ. За час дзеяньня закону Роскомнадзор дадаў у рэестар блогераў 29 дзёньнікаў.