Пра беларускіх андэрсаўцаў і ўнікальнасьць выданьня гутарым з рэдактарам успамінаў, кандыдатам гістарычных навук Ігарам Мельнікавым, ляўрэатам прэміі імя Вацлава Ластоўскага за папулярызацыю ведаў па гісторыі Беларусі (2014).
— У чым унікальнасьць гэтай кнігі?
— Гэта ўспаміны звычайнага чалавека, без адукацыі, які дэталёва апісаў выпрабаваньні, якія выпалі беларусу падчас Другой сусьветнай вайны. Такога кшталту кнігі выдаваліся за мяжой, але гэта былі ўспаміны афіцэраў. А каб гэта былі ўспаміны звычайнага жаўнера, які змагаўся ў складзе Войска польскага на Захадзе, такога яшчэ не было. Гэта ўнікальныя гістарычныя факты і пра вайну, і пра ГУЛАГ, і пра рэпрэсіі. Праз гэтыя мэмуары беларускае грамадзтва можа зразумець выпрабаваньні, якія выпалі беларусам у той час.
— Вы як гісторык грунтоўна дасьледавалі гэтую тэму. Ці вядомая колькасьць ураджэнцаў Беларусі, якія служылі ў войску Андэрса?
бітва пад Монтэ-Касіна — гэта той сымбаль, у якім менавіта беларусы адзначыліся сваёй мужнасьцю
— Розныя гісторыкі па-рознаму лічаць. Некаторыя кажуць пра 20 тысяч беларусаў, альбо ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. Мне падаецца, што больш адэкватная лічба — гэта 2-4 тысячы чалавек, але гэта ня толькі вайскоўцы арміі Андэрса ці Другога польскага корпусу. Напрыклад, шмат беларусаў ваявалі падчас бітвы за Брытанію ў 1940 годзе ў брытанскіх паветраных сілах, змагаліся з нацыстамі. Шмат беларусаў удзельнічалі ў вызваленьні Галяндыі ў 1944 годзе ў самастойнай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Але, канечне, вялікае фармаваньне — Другі польскі корпус. І, канечне, бітва пад Монтэ-Касіна — гэта той сымбаль, у якім менавіта беларусы адзначыліся сваёй мужнасьцю. Некалькі сотняў беларусаў пахавана на могілках у Монтэ-Касіна. Павал Нічыпарук у сваіх успамінах апісвае дэталёва і бітву пры Монтэ-Касіна, і баявыя дзеяньні ў Італіі. Ён быў жаўнерам кулямётнай часткі Трэцяй Карпацкай стралковай дывізіі і досыць падрабязна апісвае гэты пэрыяд. Ён піша, што «я не зьяўляюся пісьменьнікам, на Захадзе пра Монтэ-Касіна шмат пісалі, але шкада, што ў Беларусі пра гэта ня ведаюць».
— А як да вас трапілі ўспаміны Паўла Нічыпарука? Чаму вы вырашылі ўкласьці і выдаць іх?
Мова арыгіналу — беларуска-польска-расейская трасянка, але я зрабіў мэмуары па-беларуску
— Летась мы зрабілі пра дапамозе амбасады Польшчы ў Беларусі выставу «Беларусы ў Войску Польскім», якую прадставілі ў Менску ў Нацыянальным гістарычным музэі і Музэі гісторыі Вялікай айчыннай вайны і ў Музэі абароны Берасьцейскай крэпасьці. Падчас выставы ў Берасьці да мяне падышлі людзі, якія былі знаёмыя са сваякамі Нічыпарука, і сказалі, што ёсьць успаміны цікавага андэрсаўца, і што яны ня ведаюць, што зь імі рабіць. Я спачатку думаў, што гэта будзе выпадковы матэрыял, які проста ператворыцца ў артыкул. Пазьней, калі пачаў паглыбляцца, калі даведаўся, што з гэтым матэрыялам знаёміўся знакаміты беларускі пісьменьнік-франтавік Васіль Быкаў і назваў яго вартым увагі і выданьня, для мяне стала справай гонару давесьці гэты матэрыял да друку. Гэта была цяжкая праца, таму што я раней я працаваў з гістарычнымі кнігамі, а тут трэба было працаваць з матэрыялам, які напісаў звычайны чалавек. Мне падаецца слушным, што над гэтым папрацаваў гісторык, таму што я рабіў свае камэнтары, тлумачыў некаторыя моманты, якія, безумоўна, былі зразумелыя для Нічыпарука, але не зразумелыя для сёньняшніх беларусаў — пачынаючы ад дэпартацыі, заканчваючы элемэнтамі ўзбраеньня і ўніформы. І рукапіс атрымаўся з гэтымі камэнтарамі. Мова арыгіналу — беларуска-польска-расейская трасянка, але я зрабіў мэмуары па-беларуску і зараз прадстаўляю на суд чытачам.
— Калі выйдзе кніга?
— Я запусьціў гэты праект на краўдфаўндінгавую пляцоўку ulej.by. Для мяне гэта новы досьвед. Я падумаў, што гэта павінна быць нацыянальным праектам, каб беларусы фундавалі гэтую кнігу. Праект будзе доўжыцца да канца красавіка, збор сродкаў працягваецца. Я заклікаю людзей да ўдзелу. Шмат людзей ужо паўдзельнічала зь Беларусі, Літвы, Расеі, Польшчы... Нават з Крыма былі ўдзельнік, які цікавяцца беларускай гісторыяй. Я пляную выдаць гэтую кнігу да 9 траўня.
***
«Адысея палешука» — гэта больш за 200 старонак цікавых успамінаў і фактаў з гісторыі Беларусі, а таксама некалькі сотняў аўтэнтычных каляровых і чорна-белых здымкаў з прыватнага архіва гісторыка Ігара Мельнікава. Кніга пры замове падчас кампаніі будзе каштаваць 40 рублёў, аўтар таксама прапануе за іншыя сумы разнастайныя экскурсіі і свае папярэднія кнігі ў дадатак.
Армія Андэрса (Другі Польскі корпус) — польскае вайсковае фармаваньне, частка ўзброеных сіл сувэрэннай Польскай Рэспублікі, створанае савецкім урадам і генэралам Уладзіславам Андэрсам у 1941–1942 гадах на тэрыторыі СССР па пагадненьні з польскім урадам у выгнаньні з польскіх грамадзянаў, якія патрапілі ў савецкі палон у выніку савецка-польскай вайны 1939 году, а таксама польскіх грамадзянаў, якія былі дэпартаваны і зьняволеныя ў лягерах ГУЛАГу. У 1943–1946 гадах польскі корпус уваходзіў у склад арміі Вялікабрытаніі.