Суд апраўдаў актывіста БХД зь Мёраў, які бязьвінна адседзеў трое сутак

Актывіст БХД Багуслаў Мацук зьбіраецца скардзіцца за незаконнае ўтрыманьне пад вартай у Дзень Волі.

«Затрымалі мяне 24-га на вуліцы, па паклёпніцкай заяве аднаго чалавека, чыё імя я пакуль называць ня буду,— расказаў Багуслаў Мацук Свабодзе.— Затрымалі каля 11-й, склалі пратакол, нібыта я лаяўся матам. Я запатрабаваў адваката, і мяне трымалі ў пастарунку да 16-й гадзіны. Адвакатка заявіла пратэст — што гэта больш за тры гадзіны, належныя паводле закону, і што мяне трэба адпусьціць. Тым ня менш мяне пакінулі пад вартай. На рэшту дня 24-га, на 25 і 26 сакавіка. Міліцыянты далі зразумець, што гэта зьвязана з Днём Волі — каб я нікуды не паехаў. А 27-га, роўна праз трое сутак, мяне адпусьцілі. Проста дахаты, нічога не сказаўшы».

Спадар Мацук меркаваў, што адразу ж мусіць адбыцца суд, аднак позву атрымаў толькі на 3-га красавіка. Перад працэсам ён напісаў заяву на паклёпніка і знайшоў двух сьведак, якія пацьвердзілі ў судзе, што ён ня лаяўся. Суд апраўдаў актывіста. Аднак той вырашыў, што беспадстаўнага абмежаваньня волі на трое сутак не даруе. Таму наперадзе — новыя разборы, гаворыць Багуслаў Мацук:

«Па-першае, я настойваю, каб суд пакараў паклёпніка. Па-другое, я напісаў скаргу ў пракуратуру пра незаконнае трыманьне пад вартай. Бо тое, што рабілася ў Мёрах напярэдадні 25 Сакавіка, увогуле недапушчальна!»

Спадар Мацук прыгадаў, што 23 сакавіка быў затрыманы і зьбіты ягоны аднадумца Валеры Валажонак. Яго затрымліваць «на суткі» ня сталі, затое штодня ўручалі позвы ў міліцыю — і на 23-га, і на 24-га, і на 25-га. А 29 сакавіка быў звольнены з працы яшчэ адзін мёрскі актывіст, сябар АГП Сяргей Васільеў. Ён працаваў у клубе аграгарадку Туркова і быў звольнены «за сыстэматычныя парушэньні працоўнай дысцыпліны». Гэта афіцыйная фармулёўка, а насамрэч, лічыць спадар Васільеў, яго звольнілі за апазыцыйныя погляды.