Колькасьць ахвяр выбуху ў мэтро Пецярбургу вырасла да 14

Колькасьць ахвяр выбуху ў мэтро Пецярбургу вырасла да 14. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на міністра аховы здароўя Расеі Вераніку Скварцову.

Раней паведамлялася пра 11 загінулых, а цяпер стала вядома, што яшчэ трое памерлі ад траўмаў.

Скварцова пацьвердзіла, што ў бальніцах знаходзяцца 49 пацярпелых, 13 чалавек ужо адпусьцілі дадому.

Бомба выбухнула ў вагоне пецярбурскага мэтро 3 красавіка паміж станцыямі «Сенная плошча» і «Тэхналягічны інстытут». Пазьней на станцыі «Плошча Паўстаньня» выявілі і абясшкодзілі іншае выбуховае прыстасаваньне.

Асноўная вэрсія здарэньня — тэракт. Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу.

Паводле дадзеных «Інтэрфакса», тэракт зрабіў сьмяротнік, які быў зьвязаны з радыкальнымі ісламісцкімі групоўкамі, а выбуховае прыстасаваньне пранёс у заплечніку. Паводле папярэдніх дадзеных, у дачыненьні да тэракту падазраюць 22-гадовага ўраджэнца Кіргізстану.