РС: Як, на вашу думку, Эўразьвяз мусіў бы адрэагаваць на нядаўнія пратэсты і рэпрэсіі супраць пратэстаў у Беларусі?
Рынкевічс: Я думаю, што найперш нам трэба пачаць актыўны дыялёг зь Беларусьсю. Калі здарыліся тыя падзеі, я гаварыў па тэлефоне з маім калегам, міністрам замежных справаў Макеем. Я выказаў занепакоенасьць тым, што адбывалася. Я заклікаў да стрыманасьці. На жаль, майго званку, напэўна, было недастаткова.
Думаю, што нам патрэбны больш скаардынаваны, больш недвухсэнсоўны дыялёг зь Беларусьсю. Думаю, што нам не хапала гэтага, напрыклад, у 2010-2011 гадах, калі, на жаль, таксама былі рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, і замест выкарыстаньня непасрэдных кантактаў, замест дыпляматычных намаганьняў, замест таго, каб гаварыць, выдавалася шмат прэс-рэлізаў, якія не прывялі ні да якага добрага выніку.
Так што з гэтага гледзішча я мяркую, што правільным падыходам быў бы як непасрэдны дыялёг у Менску на ўзроўні амбасадараў краінаў Эўразьвязу, гэтак і такія тэлефанаваньні і размовы.
РС: Эўразьвяз зьмяніў сваю пазыцыю да Беларусі прыблізна год таму, распачаўшы шырэйшы дыялёг. Можа, было зарана гэта рабіць?
Рынкевічс: Не, па-мойму, было якраз своечасова, бо ня трэба забывацца, што Беларусь выканала адну з умоваў, якія былі выстаўленыя ёй у 2011-2012 гадах, калі былі ўведзеныя санкцыі, калі мы сказалі, што вызваленьне палітычных зьняволеных будзе адной з галоўных папярэдніх умоваў для аднаўленьня дыялёгу і зьняцьця санкцыяў, і гэта адбылося.
Вось жа я думаю, што калі нейкая краіна — Беларусь, Малдова або любая іншая краіна «Ўсходняга Партнэрства» і ня толькі «Ўсходняга Партнэрства» — выконвае адну або некалькі ўмоваў, тады мы таксама мусім выконваць свае абяцаньні.
У чым, на маю думку, мы зноў недапрацоўваем, дык гэта ў тым дыялёгу, пра які я казаў раней. Бо і фінскі, і латвійскі міністры замежных справаў у сьнежні 2015 году мелі нешта накшталт працоўных сьняданьняў зь міністрам замежных справаў Беларусі. І гэта фактычна была апошняя непасрэдная сустрэча зь Беларусьсю на ўзроўні Беларусь-ЭЗ.
Вядома, у нас ёсьць фармат «Усходняга Партнэрства», але нам не хапае гэткага дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам на палітычным узроўні. Думаю, нам варта яго працягваць. Думаю, нам варта было б сказаць, што далейшы пазытыўны парадак дня сапраўды залежыць ад таго, што адбываецца на вуліцах Менску. Як, скажам, улады абыходзяцца з дэманстрацыямі, як ставяцца да іншых праблемаў, вырашэньня якіх мы чакаем ад краінаў «Усходняга Партнэрства».
РС: Але калі такі дыялёг не спрацуе, калі ён не прынясе ніякіх вынікаў, калі вы ня ўбачыце ніякіх пазытыўных сыгналаў зь Беларусі, ці разглядаеце вы магчымасьць вяртаньне санкцыяў?
Рынкевічс: Я думаю, што мы пакуль што ня можам сказаць, што дыялёг не працуе. Ён вельмі нялёгкі, ён вельмі складаны. Нельга спадзявацца, што Беларусь умомант зробіцца лібэральнай дэмакратыяй або зьменіць сваю ўнутраную палітыку.
Я ўжо згадваў добры прыклад такіх, ведаеце, вельмі, я б сказаў, складаных і вельмі цяжкіх дыскусіяў зь Беларусамі перад тым, як Беларусь вызваліла ўсіх палітычных зьняволеных. Калі б мы ўвялі нейкія санкцыі ў цяперашняй сытуацыі, я ня бачу, каб гэта так або іначай зьмяніла сытуацыю на месцы.
Я б сказаў, што варта зьвязваць далейшы эканамічны або палітычны дыялёг, дыскусіі ў пытаньнях, якія цікавяць Беларусь, пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва, фінансавую падтрымку, усё гэта, з палітычнай сытуацыяй, а не вяртаць старыя або ўводзіць новыя санкцыі.
РС: Ці варта запрасіць спадара Лукашэнку на саміт «Усходняга Партнэрства» ў Брусэлі?
Рынкевічс: Пакуль што зарана гаварыць пра запрашэньні. Я ўжо трапляў у падобную сытуацыю ў 2014-2015 гадах (напярэдадні рыскага саміту «Ўсходняга Партнэрства» 2015 году). Ня думаю, што мы цяпер у той стадыі, калі пішуцца запрашальныя лісты.
Калі я сустракаўся з прэзыдэнтам Лукашэнкам у 2015 годзе, мы гэта абмяркоўвалі. Фактычна, менавіта тады мы прыкладалі найбольш дыпляматычных намаганьняў, каб зрабіць усё магчымае для вызваленьня палітзьняволеных. Яны былі вызваленыя праз 6 месяцаў і, ведаеце, ня ў выніку рыскага саміту «Ўсходняга Партнэрства».
Так што я не сьпяшаюся з рашэньнямі. Звычайна мы не запрашаем прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністраў, мы запрашаем краіны, і пытаньне хто будзе ўдзельнічаць у саміце, а хто не — гэта прадмет тонкай дыпляматычнай дыскусіі.
У цяперашніх абставінах было б зарана меркаваць, хто будзе запрошаны або хто прыедзе на саміт «Усходняга Партнэрства». Але я ўпэўнены ў адным: час перад самітам «Усходняга Партнэрства» і на самім саміце трэба выкарыстаць, каб зьвярнуцца да сапраўды вельмі важных пытаньняў: правоў чалавека, палітычных свабодаў — і гэта мусіць быць адно з пытаньняў, якое мае заняць важнае месца ў парадку дня.
Ня будзем забывацца, што апрача Беларусі ёсьць яшчэ й некаторыя іншыя краіны, дзе нас таксама непакоіць стан палітычных свабодаў, свабоды сродкаў масавай інфармацыі. І гэтае пытаньне мусіць разглядацца ў кантэксьце ўсяго саміту Партнэрства, улучна зь Беларусьсю, улучна зь некаторымі іншымі краінамі, якія, на жаль, не адпавядаюць найвышэйшым стандартам.