У выніку тэракту ў мэтро Санкт-Пецярбургу як мінімум 10 загінулі. Пуцін і Лукашэнка не скасавалі сустрэчу

Выбух адбыўся на перагоне між станцыямі «Сенная плошча» і «Тэхналягічны інстытут».

Тэракт у мэтро ў Санкт-Пецярбургу. Фота

Паводле Сьледчага камітэту Расеі, 10 чалавек загінулі. Распачатая крымінальная справа. У Санкт-Пецярбургу абвешчаны трохдзённы траўр.

Кіраўнік прэс-службы адміністрацыі губэрнатара Санкт-Пецярбургу паведамляў у Twitter пра 50 пацярпелых, цяпер піша пра 22 пацярпелых.

Усе станцыі піцерскага мэтро закрытыя на ўваход і выхад, адбылася эвакуацыя пасажыраў.

Зьяўляліся паведамленьні пра другую выбуховую прыладу на іншай станцыі мэтро, але пазьней яны былі абвергнутыя шэрагам расейскіх СМІ.

Відэа відавочцаў:

Відавочцы распавядаюць пра гучны выбух у вагоне, калі цягнік ад’яжджаў ад станцыі «Сенная плошча».

Як сказала ТАСС жыхарка Пецярбурга Юлія Варэева, якая знаходзілася там у момант надзвычайнага здарэньня, падчас выбуху выбіла люк у падлозе вагону:

«У апошнім вагоне насупраць першых дзьвярэй выбіла люк у падлозе, запахла чадам, паваліў дым», — сказала жанчына.

Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі, у інтэрвію ТАСС заявіў, што Ўладзіміру Пуціну паведамлена пра інцыдэнт у мэтро. Пры гэтым ён ня ведае, ці паўплывае гэта на працоўны графік расейскага кіраўніка, які ў гэты час бярэ ўдзел у піцерскім мэдыяфоруме.

Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі адбываецца нягледзячы на тэракт у Пецярбургу

Заплянаваныя на сёньня перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу пачаліся.

Тэлеканал «Дождж» паведаміў у жывым эфіры са спасылкай на прэсавага сакратара Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова:

«Пуцін ведае пра тэракт. Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам адбываецца далёка ад месца трагедыі ў прыгарадзе Санкт-Пецярбургу Стрэльне».

Лукашэнка выказаў спачуваньні Пуціну, пацярпелым і іх блізкім.

Пуцін: Асноўная вэрсія — тэракт

У якасьці прыярытэтнай вэрсіі выбуху ў мэтро Санкт-Пецярбургу разглядаюцца «праявы тэрарыстычнага характару».

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што разглядаюцца і іншыя вэрсіі, у тым ліку «бытавыя і крымінальныя».

Заведзеная крымінальная справа

На даручэньне старшыні Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна крымінальная справа па факце выбуху ў піцерскім мэтро прынятая да вытворчасьці Галоўным упраўленьнем па расьсьледаваньні асабліва важных спраў. У Санкт-Пецярбург накіравана група крыміналістаў цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту, — паведамляе ТАСС.

***

Тэракт у Санкт-Пецярбургу адбыўся пасьля таго, як тут з удзелам Пуціна пачаў працу трохдзённы мэдыяфорум рэгіянальных і мясцовых СМІ «Праўда і справядлівасьць». Імпрэза ладзіцца з ініцыятывы Агульнарасейскага фронту, яго лідэрам зьяўляецца прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Раніцай Пуцін выступіў перад прысутнымі з прамовай, на другую палову дня былі прызначаныя ягоныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.