23 сакавіка Алеся Лагвінца моцна зьбілі і даставілі ў суд Маскоўскага раёну. Падчас працэсу Алесю стала кепска, выклікалі «хуткую дапамогу», у 9-м шпіталі паставілі дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія ўдары.
Тры дні Лагвінец правёў у хірургічным аддзяленьні ў шпіталі. У панядзелак, 27 сакавіка са шпіталя яго зноў прывезьлі ў Маскоўскі суд. Сьведкі-амапаўцы казалі, што Алесь сам нанёс сабе цялесныя пашкоджаньні, біўшыся галавой аб сядзеньне аўтамабіля. Судзьдзя Віктар Казак з гэтым пагадзіўся.
Карэспандэнт Свабоды распытаў Алеся Лагвінца пра стаўленьне да яго ў шпіталі і потым у турме на Акрэсьціна.
Рашэньне мяне пакінуць на лячэньне, лічу, гэта таксама праява грамадзянскай пазыцыі дактароў. Гэта і прафэсіяналізм, з аднаго боку, але і грамадзянская пазыцыя.
— Наконт 9-га шпіталя магу выказаць толькі ўдзячнасьць дактарам і ўсяму мэдпэрсаналу: стаўленьне было вельмі добрае, я вельмі ўдзячны ім за дапамогу і за рашэньне мяне пакінуць у шпіталі, бо на іх быў вялікі ціск, каб мяне адразу везьлі ў суд. Рашэньне мяне пакінуць на лячэньне, лічу, гэта таксама праява іх грамадзянскай пазыцыі. Гэта і прафэсіяналізм, з аднаго боку, але і грамадзянская пазыцыя.
Другая рэч — гэта тое, што было на Акрэсьціна. Гэта частка карнай сыстэмы паліцэйскай дзяржавы, якая ёсьць у Беларусі. І тут спадзявацца на тое, што будуць паважацца твае правы, годнасьць чалавека, вельмі мала шанцаў. Магу прызнаць, што прынамсі траціна тых, хто там працуе, усё ж такі паказвалі сябе з чалавечага боку. Але іншыя... Напрыклад, большасьць можна судзіць за тое, за што мяне асудзілі — за выкарыстаньне нецэнзурнай лаянкі ў публічным месцы. Для іх вельмі-вельмі натуральна выкарыстоўваць маты ці зьвяртацца на «ты» да затрыманых. Але, зноў зазначу, што гэта ня ўсе, ёсьць тыя, каму я асобна казаў «дзякуй» за чалавечнасьць. На жаль, яны ў меншасьці. А для большасьці ўласьцівыя іншыя ўчынкі. Напрыклад, хаваньне правілаў знаходжаньня затрыманых, якія знарок нікому не паказвалі. Ці забарона ляжаць у сьветлы час сутак з адбіраньнем матрацаў на ноч у якасьці пакараньня, калі гэтага не было. Адну ноч мы правялі без матрацаў, а бязь іх на мэталічных сетках спаць немагчыма. На самым пачатку адмовілі, і гэта пацьвердзіць вязень Віктар Маркаў, у атрыманьні асадкі і паперы, каб напісаць скаргу. У выніку такіх фактаў узьнікае адчуваньне пэўнай дзікасьці, што людзі не разумеюць, што яны службоўцы дзяржавы і любы грамадзянін, нават калі ён у нечым правапарушальнік, застаецца грамадзянінам са сваімі правамі, якія трэба паважаць.
І яшчэ з успамінаў пра Акрэсьціна: фармулюеш просьбу, а на яе адказваюць толькі празь дзень. Ці такое: там нельга ведаць часу. Было такое: на паверсе ў дзяжурнай вісеў гадзіньнік, і калі праходзіш там, дык можна было пабачыць час. Але потым, калі нас праводзілі, дык знарок гадзіньнік здымалі і клалі цыфэрблятам уніз, каб не было відаць часу. Яшчэ мне стала зразумела, што ў іх ёсьць так званая градацыя людзей, якіх там ўтрымліваюць. Асобны гатунак — гэта палітычныя. Пра мяне, калі прывезьлі на Акрэсьціна з двума іншымі, як пачулі маю беларускую мову, адзін другому сказаў: «Гэта палітычны».
Дзяржава нібыта спрабуе паказаць людзям, якая яна ўсемагутная, але з другога боку яна распісваецца ў тым, што няздольная дзейнічаць паводле цывілізаваных, гуманных правілаў.
І такіх прыкрых рэчаў шмат. Дзяржава нібыта спрабуе паказаць людзям, якая яна ўсемагутная, але з другога боку яна распісваецца ў тым, што няздольная дзейнічаць паводле цывілізаваных, гуманных правілаў. І зразумела, што гэта ідзе з самага верху. Вось асабісты выпадак. Мне людзі пісалі шмат паштовак, дык у мяне на вачах мне іх не перадавалі, а адкладалі ў бок і выкідалі ў сьметніцу. Калі выходзіў, мне аддалі толькі 2 лісты, а прыйшло мне поштай больш за 30. Нават такія дробныя рэчы сапраўды пакідаюць вельмі кепскае ўражаньне. Зноў адзначу, што былі ў пэрсанале людзі, якія праяўлялі і чалавечае стаўленьне, але ў асноўным гэта тая сыстэма, якую трэба рэфармаваць. Яна не павінна быць такой, як ёсьць, а быць нармальнай і цывілізаванай.
— Ці будзеце абскарджваць пастанову суду аб арышце?
— Так, мы з адвакатам ужо абскардзілі само рашэньне аб маім пакараньні, яшчэ калі я быў у ЦІП, а яшчэ напішу скаргі ў Сьледчы камітэт і пракуратуру на тое, што я там бачыў, у тым ліку на дзеяньні міліцыі, пра якія мне там стала вядома. АМАП, гэта відавочна, ператварылі ў нейкую касту, якой усё дазволена. Са мной у камэры быў арыштант, малады хлопец, якога вельмі моцна зьбілі, нават зламалі яму сківіцу, сёньня ён будзе браць даведку пасьля агляду. Таксама буду скардзіцца на амапаўцаў, якія мяне зьбілі, калі затрымлівалі. На судзе даведаўся іхныя прозьвішчы — гэта Аляксандар Цюніс і Максім Кавальчук. Яны былі, мяркую, ілжэсьведкамі на маім судовым працэсе, бо сьведчылі пра тое, чаго не было.
— Як думаеце, чаму міліцыянты і ўлады, якія аддавалі загад пра дзеяньні напярэдадні і 25 сакавіка, выбралі такі брутальны варыянт?
— Мяркую, у іх таксама ўзьнікае адчуваньне, што незадаволенасьць у грамадзтве расьце, таму гэта найперш прэвэнтыўныя дзеяньні. Пра гэта пісаў палітоляг Віталь Сіліцкі, цяпер нябожчык: што ўвесь час рэжым спрабуе апярэдзіць грамадзтва, яму важна было зьбіць хвалю пратэсту. Ня толькі праз рэпрэсіі, але і праз страх, бо тыя, каго рэпрэсуюць, распавядаюць жахлівыя рэчы, і гэта таксама важна рэжыму, каб гэтак запалохваць людзей. Але ведаеце, па стаўленьні да гэтых падзеяў дактароў у шпіталі ці па стаўленьні маіх суседзяў, якія бачылі, як мяне зьбівалі пры затрыманьні, можна сказаць, што людзі вельмі абураюцца такімі паводзінамі міліцыі і ўлады і ўжо ня вельмі і баяцца. Таксама ад простых людзей, зь якімі ляжаў у шпіталі, шмат чуў незадаволенасьці ў адрас уладаў.
— Аляксандар Лукашэнка быў ініцыятарам гэтых рэпрэсіяў, ці яго «падставілі» сілавікі, раздзьмуўшы небясьпеку?
Цяпер Лукашэнку зноў трэба паказаць, што рэпрэсіўны апарат цалкам на ягоным баку і ад аднаго ягонага слова ўсё зноў пачнецца.
— Гэта чалавек з мэнтальнасьцю асаджанай крэпасьці. Ён добра разумее, што ня мае той падтрымкі, пра якую заяўляюць, ён сам кажа, што гатовы бараніць сваю ўладу любымі сродкамі і таму не спыняецца ў іх выкарыстаньні. Цяпер яму зноў трэба паказаць, што рэпрэсіўны апарат цалкам на ягоным баку і ад аднаго ягонага слова ўсё зноў пачнецца. Для мяне відавочна, што гэтая крымінальная справа пра «Белы легіён», якую цяпер фабрыкуюць, насамрэч рыхтавалася ўжо даўно. Цяпер Лукашэнка проста агучыў яе, даў каманду «фас», калі заявіў пра нібыта баявікоў.
— Што яго так напалохала, як вы думаеце? Няўжо выказваньні простых людзей падчас мітынгаў недармаедаў у Менску, Берасьці, Пінску, якія абураліся сваім становішчам?
— Гэта таксама падштурхнула да такой рэакцыі, так. Але мне ён бачыцца дастаткова цынічным чалавекам, які і раней не асабліва зьвяртаў ўвагу на тое, што пра яго сапраўды думаюць людзі, які сапраўды ўзровень ягонай падтрымкі ў грамадзтве. З таго, што я ведаю ад суразмоўцаў, якія зь ім кантактуюць, ён вельмі цынічна, вельмі грэбліва ставіцца да звычайных людзей, проста не ўспрымае іх як грамадзянаў. Відавочна, што ў ягоным разуменьні гэтых людзей трэба трымаць ў рамках, якія ён для іх вызначае. Але пратэсты паказалі, што людзі гэта ўжо разумеюць, яму вераць ўсё менш. Бо людзі ня проста пратэставалі супроць нейкага дэкрэту, які прынялі невядомыя чыноўнікі, а разумелі, што гэта канкрэтны выбрык Лукашэнкі. Таму адразу, ад самага пачатку мітынгі сталі пратэстам супраць і самога Лукашэнкі, супраць ягонага цараваньня.