У Менскі гарадзкі суд паступіла 9 скаргаў на суды за акцыі пратэсту

Менскі гарадзкі суд

Старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала заявіў 3 красавіка, што ў Менскі гарадзкі суд паступіла 9 скаргаў на рашэньні судоў у адміністрацыйных справах за ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, перадае БелаПАН.

Скаргі на дадзены момант аналізуюцца, праверка мае завершыцца да сярэдзіны красавіка.

На просьбу даць ацэнку затрыманьням у тым ліку пажылых людзей, Сукала адказаў:

«Калі я выкажу, як судзьдзя, сваю пазыцыю і пункт гледжаньня, гэта будзе ўзьдзеяньне і ціск на суды, якія цяпер аналізуюць сытуацыю. Старшыня Вярхоўнага Суду мае права апратэставаць такія рашэньні, таму я выкажу сваю пазыцыю шляхам вынясеньня адпаведных пратэстаў. А калі я выкажуся сёньня, то Менскаму гарадзкому суду ня будзе чаго рабіць, і ён ужо будзе пад ціскам старшыні Вярхоўнага Суду».

На пытаньне пра ацэнку працы судоў, у прыватнасьці тады, калі відэадоказы супярэчылі прынятым судамі паказаньням сьведак-міліцыянтаў, ён заявіў, што ацэнка доказаў — «выключнае права судоў першай інстанцыі». Ён нагадаў, што сьведка нясе адказнасьць за праўдзівасьць паказаньняў. Сукала паабяцаў, што ў выпадку выяўленьня парушэньняў і няправільных прысудаў апошнія будуць скасаваныя, а да судзьдзі могуць быць ужытыя санкцыі.

Раней намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Валеры Калінковіч заявіў пра адсутнасьць «судовых канвэераў» — дзейнасьці судоў паводле зададзенай праграмы. «Вы лічыце мяне ідыётам? Я не хачу сядзець 5 гадоў», — казаў ён.

Сьпіс зьняволеных, якіх будуць выпускаць з «сутак» з 29 сакавіка па 19 красавіка

10 гісторый зьняволеных за Дзень Волі

Як спыніць ілжэсьведчаньні на судах супраць апазыцыі