На конкурс у справе мэмарыялу ў Курапатах улады даюць тры з паловай тыдні. На падвядзеньне вынікаў — чатыры дні

У Курапатах зьбіраюцца паставіць помнік «усім бязьвінным ахвярам ХХ стагодзьдзя». Гэта вынікае з дакумэнтаў, якія датычаць стварэньня мэмарыяльнага знаку ў Курапатах і якія аказаліся ў распараджэньні Радыё Свабода.

З дакумэнтаў вынікае, што конкурс абвешчаны паводле загаду № 69 Міністэрства культуры ад 24 сакавіка 2017 году. Мэта конкурсу: «Пошук найбольш выразнага мастацкага адбітку вобразу урочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэньня».

Дакумэнты разасланыя ў зацікаўленыя арганізацыі 28 сакавіка 2017 году.

Праекты можна падаваць да 26 красавіка 2017 году, а вынікі будуць падведзеныя журы 1 траўня 2017 году. Актывісты ініцыятывы за «Экспэрты ў абарону Курапатаў» зьвярнулі ўвагу, што ў Палажэньні пра конкурс сьцьвярджаецца, што памятны знак павінен быць прысьвечаны «адбыўшымся ў дадзеным месцы трагічным падзеям і адлюстроўваць ідэю ўвекавечаньня памяці ўсіх бязьвінна загінуўшых ахвяр ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі».

У інтэрвію Радыё Свабоды сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», адзін з арганізатараў выставы «Праўда пра Курапаты» Вінцук Вячорка пракамэнтаваў сытуацыю:

Вячорка: У першую чаргу выклікае вялікія пытаньні момант, калі абвяшчаецца гэты конкурс. Цяпер сядзіць у турме арганізатар нядаўняй абароны Курапатаў Зьміцер Дашкевіч. Адміністрацыйна арыштаваны Павал Севярынец, арганізатар колішняй абароны Курапатаў падчас будаўніцтва кальцавой дарогі. Гэта людзі, якія павінны былі б ня толькі мець голас, але і запрошаныя ў журы агульнанацыянальнага конкурсу, калі ягоная задача сапраўды пазначыць вынясеньне зь мінуўшчыны высноваў і прымірэньне, заяўленыя у варунках.

Другое. Ва ўмовах конкурсу патрабуецца, сярод іншых шматлікіх дакумэнтаў, падаць горадабудаўнічы плян вырашэньня прасторы вакол помніка. Але дагэтуль не разьвязанае пытаньне вяртаньня справядлівых ахоўных межаў, прынамсі тых зафіксаваных у праекце 2003 году.

І трэцяе. Абсалютна ненармальны, нефункцыянальны час на падачу заявак і праектаў. Гэта фактычна тры з паловай тыдні, а патрабуюцца вельмі сур’ёзныя мастацкія і тэхнічныя абгрунтаваньні. Не ўяўляю, каб людзі, якія адказна ставяцца да сваёй працы і такога выкліку, маглі б пасьпець якасна гэта зрабіць.

На падвядзеньне вынікаў журы, якое застаецца ананімным, таксама адпушчана менш за тыдзень. Гэта настолькі каньюнктурна, што можна здагадвацца: або разьлік на тое, што ніхто не падасьць, бо не пасьпее, або ў іх ужо ёсьць напагатове нейкая вэрсія дзяжурнага помніка.

Але галоўнае ўсё ж не арганізацыйныя моманты, а зьмест мэмарыялу, прапанаваны ўладамі: маўляў, усім бязьвіным ахвярам ХХ стагодзьдзя. А не ахвярам камуністычных рэпрэсіяў. Інакш кажучы, улады так і не прызналі, хто вінаваты ў масавых курапацкіх забойствах, бо пачуваюцца іхнымі пераемнікамі. Менавіта таму яны не раскрываюць імёнаў тых, хто расстраляны ў Курапатах. А як можна ўшанаваць ахвяраў без імёнаў? Думаю, прыстойныя творцы задумаюцца, ці ўдзельнічаць у такой прафанацыі.

Інфармацыя МІністэрства культуры аб правядзеньні конкурсу для зацікаўленых арганізацый

Першая старонка Палажэньня аб правядзеньні конкурсу

Другая старонка Палажэньня аб правядзеньні конкурсу