Сёньня каля 30 чалавек прыйшлі сустракаць Максіма Філіповіча да ізалятару часовага ўтрыманьня ў Гомелі. Філіповіча меліся вызваліць пасьля паўторнага арышту — агулам за акцыі пратэсту ён ужо адседзеў 19 сутак.
23 сакавіка Савецкі раённы суд Гомеля дадаткова арыштаваў яго на 5 сутак. Ён быў зьвінавачаны ва ўдзеле ў мірнай акцыі пратэсту ў Берасьці, справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мохараў.
На той момант блогер ужо адбываў 14-суткавы арышт за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 у Пінску. Неўзабаве ён абвясьціў галадоўку, якую спыніў 18 сакавіка.
Максіма Філіповіча затрымалі байцы АМАПу 13 сакавіка ў 20:45 у доме ягоных бацькоў у Гомельскім раёне. Максім трансьляваў сваё затрыманьне ў Facebook.
Раней, падчас акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Пінску, яго спрабавалі выкрасьці невядомыя.