Менскі абласны суд вынес вырак былому кіраўніку Дзяржынскага раёну, 67-гадоваму Ўладзімеру Ткачову: яму прысудзілі 20 гадоў калёніі строгага рэжыму, перадае Tut.by.
Яго прызналі вінаватым у катаваньні і забойстве з асаблівай жорсткасьцю былой жонкі, Любові Ткачовай. У жніўні 2016 году Ўладзімер Ткачоў прыйшоў у гандлёвы цэнтар у Фаніпалі, дзе працавала ягоная былая жонка, пачаў сварыцца зь ёю, нанёс ёй 44 нажавыя раненьні, ад якіх яна памерла.
Да таго, як выявілі сьледчыя, жанчына жыла разам зь ім, ён «сыстэматычна катаваў яе, наўмысна прычыняючы боль і пакуты», а калі яна зьехала ад яго, праз пагрозы спрабаваў «аднавіць стасункі» і нібыта скраў дакумэнты на маёмасьць.
Віна ў крадзяжы дакумэнтаў не была даказаная. За забойства з асаблівай жорсткасьцю максымальная санкцыя ў Беларусі — сьмяротнае пакараньне, але «з улікам узросту» яна не пагражала Ткачову. Дачцэ забітай Ткачоў мусіць выплаціць 30 тысяч рублёў кампэнсацыі, у яго канфіскавалі аўто і 2000 рублёў.
Паводле сваякоў забітай, Ткачова ня раз зьвярталася ў міліцыю з заявамі на былога мужа, але яго не спынілі.