29 сакавіка пасьля 15 сутак арышту выйшлі на волю магілёўскія актывісты — старшыня абласной філіі АГП Уладзімер Шанцаў і прадстаўнік БХД Алег Аксёнаў, асуджаныя за арганізацыю і ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся 17 лютага. Над Шанцавым суд быў закрыты, судзілі яго таемна.
Судзілішча
Уладзімер Шанцаў ня ўтойвае, што ён адзін з арганізатараў, вёў мітынг з мэгафонам у руках. Пасьля маршу яго ледзьве ня кожны дзень выклікалі ў міліцыю, пісалі пратаколы, перароблівалі, а 14 сакавіка з пастарунку без папярэджаньня павезьлі ў суд:
«Пасадзілі ў машыну, адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. На наступную раніцу замест сьняданку пагрузілі ў аўтамабіль, за рулём — падпалкоўнік, намесьнік начальніка РАУС, суправаджаў мяне яшчэ і маёр, і некуды павезьлі, кожныя пару хвілін дакладаючы: будзем празь 10 хвілін, будзем праз 3 хвіліны... Прывезьлі ў суд, у залю ўлятае судзьдзя і імкліва пачынае разглядаць адміністрацыйную справу. Я спрабаваў пярэчыць — маўляў, я ня бачыў пратаколу, чаму не пусьцілі сваякоў, журналістаў — бессэнсоўна. Я нават ня ведаю прозьвішча судзьдзі — яна неразборліва прабурчала яго, хавала вочы, несла нейкую бязглузьдзіцу з пратаколу. І хуценька абвясьціла рашэньне — 15 сутак. Гэта быў ня суд, а нейкае судзілішча.
Ваш рэжым абрынецца, як КПСС
Калі мяне выводзілі з суду, я пабачыў дачку, журналістаў і гучна выкрыкнуў: „Ваш рэжым абрынецца, як некалі КПСС“.
Завезьлі зноў у ІЧУ. Першы раз пакармілі праз 42 гадзіны пасьля затрыманьня. Я надламаў скарынку хлеба, зьеў лыжку кашы і паўшклянкі нейкага пойла, бо баяўся за сваё здароўе. Патэлефанаваць родным не далі — маўляў, „сваякі вашы ведаюць, што вас пасадзілі на 15 сутак“. Потым даведаўся, што магу напісаць ліст. Але ў мяне ж не было капэртаў! Паабяцалі перадаць жонцы, каб прынесла, яна кожны дзень насіла перадачы. Капэрты мне перадалі толькі праз 6 дзён. Пачаў пісаць лісты. Першы ліст дагэтуль яшчэ не дайшоў. Другі родныя атрымалі праз тыдзень. Але мне лісты падтрымкі прыходзілі. Вось так і адседзеў 15 сутак, вызвалілі 29 сакавіка каля 15-й гадзіны. Цяпер буду скардзіцца, чаму мае правы былі парушаны — права на адкрыты суд, права на званок ды іншыя».
Што да далейшых плянаў, ці будуць праводзіцца акцыі пратэсту ў Магілёве, Уладзімер Шанцаў кажа, што сёньня будзе іх абмяркоўваць, бо падстаўляць людзей пад дубінкі нельга.