У часе затрыманьня палітыку стала кепска, яго тэрмінова шпіталізавалі. Сёньня курс лекаваньня завяршыўся. Па абедзе Някляеў выправіўся ў Менск, дзе, як сказаў карэспандэнту Свабоды, будзе далечвацца.
Да гэтага Ўладзімер Някляеў пры дапамозе праваабаронцы Рамана Кісьляка падрыхтаваў і напісаў скаргу ў пракуратуру з прычыны «незаконнага выкраданьня».
Някляеў кажа, што на гэты момант так і не зразумеў, які ў яго статус: яму ня выстаўлена афіцыйнага абвінавачаньня, нават адміністрацыйны пратакол не складаўся. Фактычна ён вольны.
Да таго ж апошнім часам у лякарні яго ніхто ўжо не ахоўваў — адрозна ад першых дзён, калі былі прыстаўленыя людзі ў цывільным і міліцыянты ў форме.
Спадар Някляеў не выключае, што перадусім была задача нэўтралізаваць яго на 25 і 26 сакавіка, калі ў Берасьці была заплянаваная акцыя — практычна пад вокнамі шпіталя. Прынамсі, калі ён паспрабаваў пакінуць палату, міліцыянт спыніў — маўляў, нельга парушаць рэжым мэдычнай установы. Як толькі мітынг завяршыўся, інтарэс да апазыцыянэра зьнік.