Старшыня Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт даў пісьмовыя адказы на пытаньні Генэральнай пракуратуры Беларусі, пішуць расейскія «Известия».
Выданьне са спасылкай на неназваных экспэртаў заяўляе, што Данкверт «праявіў гнуткасьць і прадэманстраваў гатоўнасьць супрацоўнічаць».
У лісьце ён, пішуць «Известия», патлумачыў прычыны і падставы забаронаў на ўвоз беларускай мясной і малочнай прадукцыі шэрагу прадпрыемстваў.
Але з поўным тэкстам звароту беларускай Генпракуратуры ў ведамстве не знаёмыя: пытаньні Рассельгаснагляду перадала расейская Генпракуратура. Ці перададзеныя на сёньня адказы Данкверта ў беларускую Генпракуратуру, невядома.
Днём раней Данкверт заявіў пра чарговыя выпадкі ўвозу ў Расею санкцыйных прадуктаў харчаваньня зь Беларусі ў абыход кантрольна-прапускных пунктаў, выказаў глыбокую заклапочанасьць гэтымі выпадкамі.
Аляксандар Лукашэнка ў лютым 2017 году загадаў арыштаваць Данкверта, распачаць крымінальную справу «як некалі пра Керымава і Баўмгертнэра», «за нанясеньне ўрону дзяржаве».
Цэнтар кіраваньня расьсьледаваньнямі — мэдыяпраект, які фінансуецца Міхаілам Хадаркоўскім, — лічыць, што прэтэнзіі Лукашэнкі да Данкверта абгрунтаваныя.