МЗС Украіны накіравала Беларусі ноту аб затрыманьні ўкраінцаў на Дзень Волі

Будынак Міністэрства замежных спраў Украіны, фота ©Shutterstock

Начальнік упраўленьня консульскага забесьпячэньня Міністэрства замежных спраў Украіны Васіль Кірыліч сказаў у эфіры «Громадске.TV», што Міністэрству замежных спраў Беларусі была накіравана нота «з мэтай атрыманьня поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі пра прычыны і абставіны затрыманьня ўкраінскіх грамадзян».

У Беларусі на 15 сутак арышту быў асуджаны за «дробнае хуліганства» грамадзянін Украіны Руслан Цярэшчанка, які браў удзел у акцыі на 25 сакавіка. Паводле папярэдніх зьвестак Кірыліча, затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Украіны, які ўтрымліваецца ў СІЗА ў Менску, рашэньне аб прыцягненьні яго да адказнасьці не прынятае.

За ўдзел у акцыях 25 сакавіка і 26 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя сотні людзей, асуджаныя на штрафы і суткі — каля 100.