Патрэбы ўладнай вэртыкалі і, найперш, яе кіраўніка прымушаюць сотні і тысячы людзей ісьці на крымінальнае злачынства — ілжэсьведчаньне.
Прычым гэта ня толькі крымінальнае злачынства. Гэта яшчэ і парушэньне аднаго зь дзесяці Хрыстовых прыказаньняў — дзявятага. Яно фармулюецца так: «Не складай ілжывага сьведчаньня на блізкага свайго», або папросту «Ня сьведчы фальшыва». І гэта сьмяротны грэх, бо ў хрысьціянстве той грэх сьмяротны, на які чалавек ідзе сьвядома.
Усё гэта паказвае, наколькі ў нашым грамадзтве занядбаныя маральныя каштоўнасьці. А маўчаньне самай вялікай і распаўсюджанай у нас царквы — Праваслаўнай — яшчэ больш паглыбляе гэтую маральную яму.
Зрэшты, грэх — справа асабістая. І вырашаць яе людзі павінны асабіста, паводле ўласнага жаданьня або нежаданьня.
Іншая справа — грамадзка-палітычная значэньне ілжэсьведчаньняў і маральны распад грамадзтва. Ці можа іх спыніць? Думаю, што можна. Ну калі не зусім, то, прынамсі, вельмі істотна.
Цяпер насьпеў час стварыць Грамадзкую камісію нацыянальнай памяці, якая б занялася акуратнай фіксацыяй імёнаў ілжэсьведкаў, а таксама судзьдзяў і пракурораў, якія на падставе ілжэсьведчаньняў адпраўляюць людзей за краты.
Час, адпушчаны на існаваньне аўтарытарнага рэжыму, меншае, і ня важна, колькі ён яшчэ пратрымаецца — канец усё роўна непазьбежны. І тыя маладыя міліцыянты, якія дажывуць да пэнсіі, абавязкова дажывуць і да грамадзкага або крымінальнага суду над імі.
Страх страціць высокія вайсковыя пэнсіі і прывілеі можа ўжо сёньня спыніць на парозе суду шмат каго з тых, хто прыйшоў туды расказаць пра мацюкі затрыманага і жорстка зьбітага апазыцыянэра.
Я пішу гэта з поўным усьведамленьнем таго, што справядлівасьць у нашай частцы Эўропы раней ці пазьней пераможа. Прыклад даюць былыя сацыялістычныя краіны, напрыклад, Польшча і Чэхія.
Люстрацыя партыйных функцыянэраў, пазбаўленьне высокіх вайсковых пэнсіяў былых афіцэраў дзяржаўнай бясьпекі і шматлікія суды над катамі, арганізатарамі катаваньняў, пракурорамі і судзьдзямі даюць майму перакананьню надзейныя падставы. Ніколі не забуду, як з экрана тэлевізара ў 2008 годзе на мяне глядзела 87-гадовая Людміла Брожава-Полэднава, якая ў 1950 годзе была дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе супраць чэскай дысыдэнткі Мілады Горакавай, асуджанай на сьмерць. Брожавай далі спачатку 8 гадоў, яна падала апэляцыю, спасылаючыся на здароўе, але не дапамагло — ёй усё ж далі шэсьць гадоў турмы.
Нашы суседзі палякі стварылі Польскі інстытут нацыянальнай памяці, які дагэтуль перасьледуе камуністычных злачынцаў. Пры Юшчанку стварылі такі інстытут і ўкраінцы. Пры Януковічу Інстытут зачынілі, але ад 2014 году яго дзейнасьць зноў адноўлена.
Я веру, што будзе такі інстытут і ў Беларусі. Яго створаць на базе Грамадзкай камісіі нацыянальнай памяці. І я веру, што той інстытут не забудзе нікога з тых, хто сёньня расказвае на судах пра мацюкі з вуснаў інтэлігентных людзей і пра самазьбіцьцё апазыцыянэраў «галавой аб машыну».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.