Тут Свабода сабрала інфармацыю пра ўсіх пакараных.
Прыгадаем некаторыя асобныя гісторыі зьняволеных за Дзень Волі.
Лагвінцу — 10 сутак. АМАПавец: «Лагвінец біўся галавой аб аўтамабіль»
Алесь Лагвінец пакараны 10-суткавым арыштам. Яго разам з сынам жорстка затрымалі каля дома 23 сакавіка, сына пазьней адпусьцілі. У судзе сьведка-амапавец Аляксандар Кавальчук заявіў, што Лагвінец сам сабе нанёс цялесныя пашкоджаньні: «Лагвінец біўся галавой аб сядзеньне аўтамабіля. Мы надзелі яму кайданкі. Цялесныя пашкоджаньні Лагвінец нанёс сабе сам, калі біўся галавой аб аўтамабіль». Лагвінец назваў амапаўца хлусам.
15 сутак Паўлу Белавусу
Павал Белавус, якому прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, быў затрыманы разам зь цяжарнай жонкай. Павал абвяргаў, што ўдзельнічаў у недазволенай акцыі, казаў, што з жонкай паставілі аўто на Кастрычніцкай плошчы ды ішлі ва ўнівэрсам «Цэнтральны», калі іх затрымалі міліцыянты. Жонку выпусьцілі з аўтазака празь 10 хвілінаў пасьля затрыманьня.
Яна Русакевіч: «Я ня ведаю, можа, мяне падлечаць, а пасьля пасадзяць у турму»
Акторка Яна Русакевіч атрымала чэрапна-мазгавую траўму ў цэнтры Менску на Дні Волі. Міліцыя знайшла Яну ў шпіталі хуткай дапамогі. «Мяне везьлі на тамаграфію, а міліцыянт запісваў за мною, дзе была, пры якіх абставінах зьбілі. Я ня ведаю, для чаго гэта запісвалі. Кажу, маўляў, няўжо вы знойдзеце аднаго з сотні амапаўцаў, які ўдарыў мяне па галаве дубінкай? Міліцыянт сказаў, што яго там не было і што патрэбныя падрабязнасьці».
Міліцыянты пагражалі «згнаіць у турме» пэнсіянэра, якога ня могуць асудзіць, бо ён не называе прозьвішча
Валер, які адмовіўся назваць міліцыі сваё прозьвішча. Яму каля 60 гадоў, ён былы альпініст. Спадару Валеру ў аўтазаку стала кепска, бо яму пашкодзілі рэбры. Яго затрымалі на акцыі 25 сакавіка, але праз адсутнасьць прозьвішча і дакумэнтаў ня могуць распачаць над ім суд. Міліцыянты пагражалі яму «згнаіць у турме».
Міліцыянт называў затрыманых «кавалкамі г…а»
Беспрацоўны Сяргей Дар’ічаў расказаў пра абыходжаньне міліцыянтаў у Ленінскім РУУС: «Адзін зь міліцыянтаў, нейкі Міша, называў нас кавалкамі г...а. Таксама не давалі пазваніць, мая маці дагэтуль ня ведае, дзе я». Яго зь сябрам спынілі міліцыянты, затрымалі, зьбілі пры затрыманьні. Паводле пратаколу, ён нібыта размахваў рукамі і брыдкасловіў.
Амбасада Расеі: нашу грамадзянку зьбіраюцца дэпартаваць
Грамадзянку Расеі Вольгу Рошчыну абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Вольга распавяла, што ёй не далі патэлефанаваць, не пускалі ў прыбіральню, не давалі вады цягам 10 гадзін — да прыводу ў камэру на Акрэсьціна. Рошчынай далі 13 сутак, яе зьбіраюцца дэпартаваць.
«На мітынгу быў, бо давялі». Як судзілі і лячылі дыябэтыка Аляксандра Еўсейчука
У Гомелі 41-гадовага актывіста прафсаюзу РЭП Аляксандра Еўсейчука, які хварэе на цукровы дыябэт, паведаміў, што належнай мэдычнай дапамогі ў ізалятары яму не аказвалі. Узровень цукру ў крыві 13,8 м/м. Сказалі, калі будзе звыш 20, тады будуць ратаваць. У судзе Аляксандру стала блага, яму выклікалі «хуткую дапамогу». Гэтым разам мэдыкі з «хуткай» далі Еўсейчуку 8 таблетак гліклязыду МВ і столькі ж таблетак мэтфарміну.
Праваабаронца Павал Левінаў з ізалятара часовага ўтрыманьня шпіталізаваны ў кардыялёгію
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў быў пераведзены з ізалятару часовага ўтрыманьня ў шпіталь. Пасьля затрыманьня 26 сакавіка яму стала кепска, у Кастрычніцкі РАУС выклікалі «хуткую дапамогу», але шпіталізаваць Левінава мэдыкі адмовіліся. Пасьля адпраўкі ў ІЧУ яму стала горш. Выкліканыя другі раз мэдыкі шпіталізавалі праваабаронцу ў кардыялёгію Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы № 1.
Мікола Дзядок у шпіталі. У яго чэрапна-мазгавая траўма
Актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок затрыманы падчас акцыі 25 сакавіка і ў суправаджэньні міліцыянтаў дастаўлены з чэрапна-мазгавой траўмай у хірургічнае аддзяленьне шпіталя хуткай мэдыцынскай дапамогі.
Журналісту «Белсату» Алесю Баразенку прысудзілі 15 сутак
Журналіст тэлеканалу «Белсат» Аляксандар Баразенка, асуджаны нібыта за нецэнзурную лаянку на 15 сутак, аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту зь незаконным перасьледам.