У суд Цэнтральнага раёну Гомля міліцыя прывезла з ізалятару УУС Гомельскага аблвыканкаму актывіста прафсаюзу РЭП Аляксандра Еўсейчука. Яго затрымалі міліцыянты 25 сакавіка, на Дзень Волі, на вуліцы Юбілейнай адразу пасьля мітынгу. Аляксандар пакутуе на цукровы дыябэт.
«У ізалятары толькі праз мой крык выклікалі хуткую мэдычную дапамогу. Тыя прыехалі, памералі ўзровень цукру ў крыві — быў 13,8 ммоль (л) пры верхнім узроўні — 5,5. Сказалі: «Будзе звыш 20, тады забяром у шпіталь».
Міліцыя склала на 41-гадовага Еўсейчука 2 пратаколы: за ўдзел у масавым мерапрыемстве і за дробнае хуліганства — лаяўся, размахваў рукамі.
«Судзьдзя Сяргей Карманаў пытаецца ў мяне, ці прызнаю віну? Адказваю: „Я прызнаюся, але ў чым мне прызнавацца? На мітынгу быў, бо давялі. А размахваць рукамі ніяк ня мог, бо ў мяне ў руках быў сьцяг прафсаюзу РЭП. Сьцягам мог размахваць, але не рукамі“».
Судзьдзя пакараў Еўсейчука двума суткамі арышту, якія ён ужо адбыў у ізалятары.
У судзе Аляксандру стала блага — яму давялося выклікаць хуткую дапамогу. Гэтым разам мэдыкі з «хуткай» далі Еўсейчуку 8 таблетак гліклазыду МВ і столькі ж таблетак мэтфарміну.