Спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні заклікаў беларускія ўлады заставацца засяроджанымі на дыялёгу з Парлямэнцкай Асамблеяй і неадкладна вызваліць усіх, хто быў затрыманы ў сувязі з дэманстрацыямі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка.
«Выкарыстаньне адміністрацыйных затрыманьняў і гвалту для запалоханьня апазыцыі выклікае трывогу і асаблівы непакой у гэты час збліжэньня паміж Беларусьсю і нашай Асамблеяй. Трэба зрабіць усё, каб пазьбегнуць таго, каб людзі, якія былі затрыманыя да і падчас дэманстрацыяў не зрабіліся палітычнымі вязьнямі. Саджэньне ў турму — не найлепшы спосаб абыходжаньня з крытыкай і іншадумствам, гэта толькі яшчэ болей аддаліць краіну ад эўрапейскіх стандартаў павагі свабоды словы, сходаў і правоў чалавека» — заявіў Рыгоні.
24 сакавіка Андрэа Рыгоні заявіў, што падчас сустрэч зь беларускімі афіцыйнымі асобамі ўздымалася пытаньне пра затрыманьні ў Беларусі.
«Мы, вядома ж, адзначылі нашу пільную ўвагу адносна гэтых затрыманьняў, тым больш напярэдадні заўтрашняй дэманстрацыі. Нам сказалі, што затрыманьні зьяўляюцца чыста адміністрацыйнымі і цалкам адпавядаюць дзейнаму заканадаўству», — заявіў у пятніцу Рыгоні.