Сярод затрыманых падчас акцыі на Дзень Волі — грамадзяне Расеі і Ўкраіны. Украінец Руслан Цярэшчанка ўжо асуджаны судом Ленінскага раёну Менску на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, расейка Вольга Рошчына судом Маскоўскага раёну — на 13 сутак.
У дыпляматычнай місіі Ўкраіны ў Менску Свабодзе расказалі, што сувязь зь земляком была наладжаная адразу ж пасьля затрыманьня, да яго выяжджаў консул. Цяпер вырашаецца магчымасьць аспрэчваньня прысуду.
Цярэшчанка абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу — «Дробнае хуліганства» і «Непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы».
У амбасадзе Расеі ёсьць зьвесткі пра трох расейскіх грамадзянаў, затрыманых падчас выходных. Але толькі наконт адной — Вольгі Рошчынай — прыйшло паведамленьне на дэпартацыю. Нікога з прадстаўнікоў дыппрадстаўніцтва на судовым працэсе не было, таму ў кансуляце мяркуюць, што іхняй суайчыньніцы давядзецца панесьці падвойнае пакараньне: спачатку адседзець 13 сутак, а потым атрымаць у пашпарт штамп аб забароне на ўезд у Беларусь.
Рошчына абвінавачана паводле двух артыкулаў (23.4 і 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу) — непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы, а таксама непадпарадкаваньне распараджэньню асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў.
Вольга скардзілася ў судзе, што не далі патэлефанаваць, не пускалі ў прыбіральню, не давалі вады цягам 10 гадзін — да прыводу ў камэру на Акрэсьціна. У справе ёсьць рапарт міліцыянта. Быццам бы сярод асабістых рэчаў быў пакет з расьцяжкай «Усіх не перасаджаеш». Вольга сьцьвярджала, што расьцяжка не яе, пакет «падкінулі». А нецэнзурна яна ніколі не выказваецца.