Лідэры АГП, БХД, Руху «За Свабоду» Анатоль Лябедзька, Вольга Кавалькова і Юрась Губарэвіч расказалі пра пляны на аглядную будучыню.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька акрэсьліў пяць найважнейшых пытаньняў, якія правацэнтрысцкая кааліцыя ставіць за прыярытэтныя і патрабуе адпаведнай рэакцыі з боку ўладаў.
- Спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх зьняволеных. Палова партыйных рэгіянальных лідэраў, уключна з намесьнікамі кіраўніка АГП Мікалаем Казловым і Васілём Паляковым, альбо за каратамі, альбо прайшлі праз сыстэму пакараньня.
- Адстаўка міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які асабіста датычны да ўсіх рэпрэсіяў апошняга часу.
- Поўная адмена «дармаедзкага» дэкрэту № 3 як антынароднага і антыканстытуцыйнага.
- Рэалізацыя заяваў Лукашэнкі аб магчымасьці зьбірацца на мірныя сходы.
- Свабодныя сумленныя выбары.
Як заявіў спадар Лябедзька, АГП распрацавала праграму новага эканамічнага курсу дзеля стварэньня працоўных месцаў без змаганьня зь беспрацоўнымі.
Адна з актывістак «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Вольга Кавалькова акцэнтавалася на акцыях пратэсту і неадэкватнай рэакцыі на іх з боку праваахоўных органаў:
«Усе пратэсты — і ранейшыя, і нядаўнія — былі абсалютна мірнымі, ніякіх правакацыяў з боку удзельнікаў. Таму ніякіх падставаў да брутальнага разгону не было. Улада дае праваахоўным органам карт-блянш на беспакаранасьць. Абсурд, але сёньня ў судах не было сьпісаў людзей, якіх будуць судзіць за акцыі 25-26 сакавіка. Усё дзеля таго, каб сваякі і актывісты не змаглі трапіць на працэс».
Кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што кааліцыя будзе працягваць працаваць дзеля таго, каб забясьпечыць грамадзянам права на выказваньне сваёй пазыцыі:
«Патрабаваньні, якія ставілі людзі ўладам, ня выкананыя. Адпаведна, падстава для пратэстаў захоўваецца, людзі даведзеныя да адчаю, ня ведаюць, як выжываць у цяперашніх умовах. Пратэставы патэнцыял ня зьнік, таму наступныя два месяцы мы будзем падаваць заяўкі ў рэгіянальных гарадах, будзем выходзіць у месцы, дзе раней акцыяў не было. Зробім усё, каб дапамагчы грамадзянам заявіць пра свае законныя патрабаваньні. У гэтай справе акцэнт будзе зроблены на самаарганізацыю, каб мясцовыя камітэты здолелі ладзіць падобныя акцыі самастойна».
Па выніках «Маршу недармаедаў» у Маладэчне Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі былі асуджаныя на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Вольга Кавалькова — на 7 сутак.