«Прафэсійныя сьвяты засноўвацца на знак заслуг працаўнікоў асобных прафэсіяў, галінаў гаспадаркі і дзейнасьці», — адпісалі з Палаты прадстаўнікоў ініцыятару зьбіраньня подпісаў у падтрымку Дня дармаеда прафсаюзнаму актывісту Аляксею Паўлоўскаму.
Ягоны зварот падтрымалі 79 магілёўцаў.
Прафсаюзнаму дзеячу паведамілі, што рашэньне пра наданьне статусу дзяржаўнага сьвята прымае кіраўнік дзяржавы. У адказе актывіста паўшчувалі за ўжываньне ў звароце зьневажальных слоў і выразаў, але якіх менавіта, не адзначылі.
Аляксея Паўлоўскага абурыў адказ з Палаты прадстаўнікоў. Ён настойвае, што не ўжываў абразьлівых выразаў у звароце. На думку Паўлоўскага, у Палаце прадстаўнікоў не разумеюць выгады ад Дня дармаеда.
«Маючы такое прафэсійнае сьвята, — кажа ён, — павысілася б турыстычная прывабнасьць Беларусі. Турысты папаўнялі б дзяржаўны бюджэт».
«Маглі не ківаць на прэзыдэнта, а наадварот, параіць яму, каб той зрабіў такое сьвята. Быць дармаедам стала б прэстыжна. У нас жа 400 тысяч дармаедаў налічана», — тлумачыць сваю пазыцыю Паўлоўскі.
Прафсаюзны актывіст прапаноўваў паставіць помнік дармаеду, праводзіць карнавалы, дэманстрацыі, мітынгі, прысьвечаныя дармаедам. Акрамя таго, ён раіў выдаць да Дня дармаеда адмысловыя манэты, а таксама заснаваць узнагароду «Заслужаны дармаед Беларусі» і ўручаць яе «дзеячам галіны». Ён рэкамэндаваў Аляксандру Лукашэнку і дэпутатам усталяваць скульптурную кампазыцыю «чэснаму дармаеду» насупраць Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Дзень жа дармаеда прапануе адзначаць 30 жніўня, на дзень народзінаў чыноўніка № 1, які падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».