АБСЭ асудзіла «непатрэбнае прымяненьне сілы» супраць мірных дэманстрантаў

Кіраўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Міхаэль Георг Лінк «асудзіў непатрэбнае прымяненьне» сілы беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, раcпаўсюджанай прэс-службай АБСЭ 26 сакавіка.

«Улады павінны выконваць абавязаньні, узятыя Беларусьсю ў якасьці дзяржавы-сябра АБСЭ што да павагі права на свабоду мірных сходаў, — сказаў Лінк. — Паведамленьні аб разгоне мірных дэманстрацый, адвольных затрыманьнях і непатрэбным прымяненьні сілы супраць пратэстоўцаў, а таксама супраць праваабаронцаў і журналістаў выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць».

Лінк адзначыў, што падзеі 25 сакавіка ў Беларусі суправаджаліся паведамленьнямі пра «затрыманьні і арышты соцень грамадзян, актывістаў апазыцыі, журналістаў, рэйды ў офісы арганізацый грамадзянскай супольнасьці і мабілізацыю сіл дзяржбясьпекі і АМАП, што былі спроба запалохаць тых, хто плянаваў удзельнічаць у мірнай дэманстрацыі».

«Пасьля ўчорашніх падзей і апошніх дзён я зноў заклікаю беларускія ўлады ўстрымацца ад выкарыстаньня любых санкцый або непатрэбных сіл для падаўленьня іншадумства і права на свабоду сходаў», — сказаў Лінк.

25 сакавіка ў цэнтры Мінска прайшла несанкцыянаваная вулічная акцыя з нагоды Дня Волі — гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Нягледзячы на затрыманьні і арышты лідэраў апазыцыі і грамадзянскіх актывістаў, акцыя сабрала больш за тысячу чалавек. Мірныя дэманстранты спрабавалі прайсьці па праспэкце Незалежнасьці ад станцыі мэтро «Акадэмія навук» да Кастрычніцкай плошчы, але дарогу ім пастаянна заступалі міліцыя і АМАП з дубінкамі і шчытамі. Было затрымана, паводле зьвестак праваабаронцаў, каля 700 чалавек, з іх 100 застаюцца пад арыштам да суду.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.