Актывіст анархісцкага руху быў затрыманы падчас акцыі 25 сакавіка і дастаўлены з чэрапна-мазгавой траўмай у шпіталь хуткай мэдыцынскай дапамогі. Яго суправаджаюць міліцыянты.
Як паведаміў Свабодзе бацька актывіста Аляксандар Дзядок, пра стан сына яму пакуль нічога невядома. Ён зьбіраецца ехаць у шпіталь хуткай дапамогі.
«Мікалай быў затрыманы падчас акцыі 25 сакавіка ў Менску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС. Пасьля яго адвезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна. Адтуль ён кудысьці зьнік. Мне сказалі, што яго забралі зь ЦІП, але не сказалі куды. Пасьля пазванілі са шпіталя і сказалі, што ён у хірургічным аддзяленьні. У сына чэрапна-мазгавая траўма, яго суправаджаюць супрацоўнікі міліцыі», — сказаў Аляксандар Дзядок Свабодзе.