Каля беларускіх магілаў на Альшанскіх могілках у Празе адбылася паніхіда і ўскладаньне кветак з нагоды 99-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Каля пяцідзесяці праскіх беларусаў прыйшлі да магілаў прэзыдэнтаў БНР Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама опэрнага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага, каб памаліцца і ўскласьці кветкі з нагоды Дня Волі.
Паніхіду адслужыў кіраўнік праскага грэка-каталіцкага душпастырства айцец Андрэй Абламейка. Адну з прамоваў, каля магілы Забэйды Суміцкага, сказаў беларускі піяніст Віталь Стахіевіч з Амстэрдаму.
Сёньня ў Празе а 18-й гадзіне ў Caffè Dell Artista (Ostrčilovo nám. 4, Praha 2 - Nusle)адбудзецца канцэрт Стахіевіча.