Матрыца. Навошта людзям нацыянальнасьць

Аднойчы Зьміцер Колас уступаў у камсамол.
У анкеце была графа «нацыянальнасьць».
Зьміцер задумаўся, пасьміхнуўся і напісаў: тунгус.

— А навошта людзям нацыянальнасьць? — спытаўся Маленькі прынц. — Што, безь яе і пражыць немагчыма?

— Пражыць можна па-рознаму, — адгукнуўся Стары географ. — І потым, як ты адкажаш, калі ў цябе спытаюць: хто ты?​

— Скажу: чалавек. І ўсё, — прамовіў Маленькі прынц і запнуўся. — Хаця, што я адказаў? Той, хто спытае, таксама ж чалавек.

— Слушна. Быццам ён і так ня бачыць, што ты чалавек. Усе дрэвы дрэвы, але ёсьць бяроза, ёсьць сасна, ёсьць пальма. Кожнае дрэва мае сваю нацыянальнасьць. «Проста дрэва» нават намаляваць немагчыма, бо адзін малюе галіны ўгору — як у таполі, а другі гольлем долу — як у елкі. Таму калі ты скажаш пра сябе: француз ці кітаец ці аўстралійскі абарыген — адразу зразумела, якая ў цябе краіна, якая там прырода, клімат, якая твая мова і культура. А мова і культура — гэта ўжо тое, за што цябе можна адразу паважаць. Як называюць чалавека бяз мовы, культуры і краіны, ведаеш?

— Ня ведаю.

— Яго называюць прыблудам. Бо ў яго нічога свайго няма і яго няма за што паважаць. Ён, у адрозьненьне ад цябе, ня мае сваёй маленькай плянэты. Пакуль ты маленькі, табе кажуць, што ты француз. І гэтага дастаткова. Калі ты вырасьцеш, ты аднойчы будзеш даваць слова. І ты скажаш: даю слова француза. І калі ты стрымаеш гэтае слова, цябе будуць паважаць. Але асабліва цябе ўсьцешыць, што будуць паважаць тваю краіну, культуру і мову. Празь цябе будуць паважаць тваю плянэту.

Your browser doesn’t support HTML5

Мандарыны

— Ну і што з тае павагі? — спытаўся Маленькі прынц.

— А тое, што павагай карыстаецца толькі той чалавек, які сам распараджаецца сваім лёсам, гэта значыць, пражывае сваё адзінае жыцьцё напоўніцу. Не чужое жыцьцё пражывае, якое яму загадалі жыць, і не палову свайго жыцьця, а ўсё і цалкам. А гэта самае большае, што можа мець чалавек на гэтым сьвеце.

— А ты гэта маеш? Якая твая нацыянальнасьць?

— Я беларус. Я не магу журыцца, бо ў маёй душы няма дзірак-пустотаў. Сьмерць ня страшыць мяне, бо я памру толькі як чалавек, а як беларус не памру ніколі. І ты як француз, не памрэш ніколі. Цябе ня стане ў фізычным сьвеце, а ў мэтафізычным ты застанесься назаўсёды, станеш часьцінкай сваёй краіны, культуры і мовы.​

— Якой часьцінкай, маленькай?

— Хто маленькай, а хто й вялікай — залежыць, што яму ўдалося зрабіць. Самае галоўнае, што ў слове «беларус» мая несьмяротнасьць. Як і твая ў слове «француз». Зусім па-іншаму пражываюць сваё жыцьцё людзі, якія ня маюць пашаны іншых, бо ня маюць пашаны міжсобку. Як той казаў, нарадзіўся — пацярпеў — памёр.

Дазволю сабе перапыніць гэты дыялёг і прыгадаць адзін красамоўны факт. Пра неўміручасьць нацыянальнага. На пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі выходзіла самая масавая газэта «Северо-Западный край» (кшталту цяперашняй «Саўбеліі») і невялікага накладу «Наша Ніва». Сьляды першай згубіліся ў гісторыі. А другая была ўся цалкам перавыдадзеная факсымільным спосабам ужо ў наш час. Яе чытаюць, цытуюць, шукаюць у антыкварных крамах, яна быццам працягвае жыць сваё жыцьцё і нішто не абяцае перарваць яе неўміручасьць.

Яны памаўчалі, і Маленькі прынц спытаўся:

— А чаму ўсё ж Зьміцер Колас назваўся тунгусам?

— Думаю, хацеў патроліць савецкія парадкі, бо мусова трэба было ўступаць у камсамол. Хоць ёсьць і глыбейшая прычына. Зьлева ад слова «нацыянальнасьць» заўсёды стаіць слова «справядлівасьць». У Беларусі пра прыгнёт беларусаў казаць было забаронена. А пра тунгусаў ніхто папросту ня ведаў. Тым часам усіх «нярускіх» прыгняталі аднолькава. Вось ён і напісаў, лічы, «Je suis тунгус». Справа ад слова «нацыянальнасьць» заўсёды стаіць слова «салідарнасьць».​

— Слухай, але я не адчуваю, што мяне як француза нехта прыгнятае. Мне здаецца ўвогуле — якая розьніца: беларус, француз. Абы ў цябе была чалавечая годнасьць.

— А што такое чалавечая годнасьць? Многія ўжываюць гэты выраз, не разумеючы, што чалавечая годнасьць — гэта і ёсьць нацыянальнасьць.

Стары географ задумаўся на хвіліну і сказаў:

— Ведаеш, у беларусаў і французаў розная гісторыя. Але цікава, што ўзьніклі беларуская і француская нацыі ў адзін час — у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Як, зрэшты, і ўсе эўрапейскія нацыі.

— Я чуў, што беларусы — непраўдзівая назва, што насамрэч вы ліцьвіны.

— Не забягай наперад. Пра гэта табе раскажа Гісторык.

Працяг будзе