Некалькі соцень чалавек выйшлі на Дзень Волі ў Берасьці. ФОТА

Шэсьце на Дзень Волі ў Берасьці

Некалькі соцень чалавек узялі ўдзел у акцыі на Дзень Волі ў Берасьці. Адбылося шэсьце ды мітынг, інцыдэнтаў з праваахоўнікамі не было.

Акцыя доўжылася дзьве гадзіны. Яе арганізатарамі выступілі кіраўнікі мясцовых палітычных партый Зьміцер Шыманскі (Партыя БНФ), Ігар Маслоўскі (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада), Уладзімер Вуек (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Юры Казакевіч (Руху «За свабоду») і прадстаўнікі шэрагу іншых грамадзкіх арганізацыяў.

Упершыню за 4 гады ўлады дазволілі акцыю апазыцыі менавіта ў цэнтры Берасьця. Удзельнікі зьбіраліся на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. Адтуль рушылі пешаходнай вуліцай Савецкай да плошчы Свабоды.

Падчас шэсьця гучалі традыцыйныя лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Не — дэкрэту нумар 3», «Лукашэнка — сыходзь». Пэрыядычна народ пляскаў у ладкі.

У часе шэсьця колькасьць удзельнікаў, паводле розных падлікаў, дасягала 500–700 чалавек.

Пару соцень чалавек узялі ўдзел і ў мітынгу на плошчы Свабоды. У часе мітынгу арганізатары зачыталі падрыхтаваныя рэзалюцыі. Сярод іх — зварот у адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, рэзалюцыя супраць дэкрэту № 3, зварот у пракуратуру з пратэстам у сувязі з затрыманьнямі ўдзельнікаў акцый і журналістаў, зварот у Берасьцейскі гарвыканкам з патрабаваньнем вызначыць для мітынгаў і пікетаваньня вуліцу Савецкую і плошчу Свабоды ў Берасьці, а таксама рэзалюцыя аб неабходнасьці стварэньня грамадзкай рады пры старшыні гарвыканкаму.

Акрамя арганізатараў акцыі, далі выступіць і ўсім ахвотным. Людзі выказваліся пра сьвята Дня Волі, пра неабходнасьць адмены дэкрэту № 3, гучалі словы пра запалохваньне народу арыштамі і штрафамі. Апроч дэманстрантаў, да мікрафону выйшаў і старшыня Берасьцейскага гарадзкога савету дэпутатаў Мікалай Красоўскі, які заявіў, што ён не прыхільнік «мітынговага спосабу» сустрэч, ды запрасіў людзей абмяркоўваць праблемы на асабістых прыёмах у чыноўнікаў.

У часе выступу Мікалая Красоўскага гучалі воклічы «Ганьба!», яго пачалі асьвістваць, але арганізатары папрасілі людзей даць яму выказацца.

Зь вядомых асобаў на акцыі ў Берасьці прысутнічалі кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч і яго жонка Іна Кулей, а таксама кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч.

Адметнасьцю гэтай акцыі было тое, што на пачатку яе правядзеньня ў цэнтры Берасьця зьнік 3G інтэрнэт ад усіх мабільных апэратараў, таму журналісты не маглі ладзіць жывыя трансьляцыі. У часе мітынгу сваё абурэньне сытуацыяй з інтэрнэтам берасьцейцы выказвалі прысутным на мітынгу чыноўнікам, але тыя казалі, што гэта ня ў іх кампэтэнцыі.

Пасьля акцыі інтэрнэт у цэнтры Берасьця запрацаваў.

У цэлым Дзень Волі ў Берасьці прайшоў мірна, затрыманьняў і інцыдэнтаў зь міліцыяй не было. Увесь час, пакуль ішла акцыя, прысутнічалі міліцыянты ў форме, супрацоўнікі ДАІ суправаджалі шэсьце, непадалёк ад месца мітынгу дзяжурыла машына мэдыкаў.

Папярэдняя санкцыянаваная ўладамі акцыя апазыцыі ў цэнтры Берасьця адбылася 1 траўня 2013 году, калі гарвыканкам дазволіў зладзіць дэманстрацыю сацыял-дэмакратам.

Удзельнікі акцыі пастанавілі сабрацца наступным разам на плошчы Свабоды ў Берасьці 1 траўня, каб абмеркаваць адказы ўладаў на рэзалюцыі мітынгу.

Некалькі соцень чалавек узялі ўдзел у акцыі ў Берасьці

У часе шэсьця ў Берасьці

Арганізатары акцыі (зьлева направа) Уладзімер Вуек (АГП), Зьміцер Шыманскі (ПБНФ), Ігар Маслоўскі (БСДПГ)

Удзельнікі мітынгу галасуюць за рэзалюцыі

Удзельніца берасьцейскай акцыі з плякацікам

Некаторыя ўдзельнікі былі зь дзецьмі

Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей

Тацяна Караткевіч на акцыі ў Берасьці

Шмат хто выступаў супраць дэкрэту №3

Перад прысутнымі выступіў старшыня Берасьцейскага гарсавету Мікалай Красоўскі

Жанчына з самаробным плякатам

x