Шорац: Любыя акцыі 25 сакавіка ў Менску будуць незаконнымі

  • БелаПАН

Андрэй Шорац(зьлева) падчас адкрыцьця скульптурнай кампазыцыі «Менскі гарадавы».

Любыя вулічныя акцыі 25 сакавіка ў Менску будуць незаконнымі, заявіў старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац у эфіры тэлеканалу ОНТ вечарам 24 сакавіка.

Паводле яго, гэта зьвязана з тым, што ўсе арганізатары акцый пісьмова адмовіліся ад сваіх заявак.

Згодна з заканадаўствам улады абавязаныя даваць адказ на заяўку аб правядзеньні масавага мерапрыемства не пазьней як за пяць дзён. Аднак гэтым разам заяўнікі акцыі з нагоды Дня Волі атрымалі адказ толькі напярэдадні вечарам і ў сувязі з гэтым 23 і 24 сакавіка склалі зь сябе адказнасьць за арганізацыю і правядзеньне акцый.

Заяўнікі — прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаў, адказны сакратар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, член Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, прадстаўнікі руху «За Свабоду» Аляксандр Русевіч і Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі — плянавалі правесьці шэсьце ад Нацыянальнай акадэміі навук да парку Янкі Купалы. Менгарвыканкам санкцыянаваў збор і мітынг на плошчы Бангалор, з чым арганізатары не пагадзіліся.