За гэткае парушэньне пагражае штраф або абмежаваньне свабоды, паведамляе wyborcza.pl.
Паліцыя, аднак, не выключае магчымасьці іншых пунктаў абвінавачаньня. Пра гэта будзе паведамлена пасьля збору ўсіх фактаў, сказала прадстаўніца паліцыі ў Асьвенціме Малгажата Юрэцка.
Паводле інфармацыі музэю, каля 14.00 паводле мясцовага часу група асобаў каля галоўнай брамы канцлягеру Асьвенцім забіла ягня і разьдзелася дагала. На паркінгу перад уваходам у музэй была ўзарваная ракета.
Ягня было прынесенае ў заплечніку, яго забілі перад брамай, што было зафіксавана на камэры сачэньня Асьвенцімскага музэю. Пасьля гэтага ўсе адзінаццаць парушальнікаў разьдзеліся дагала.
— Яны мелі з сабой кайданкі, але не пасьпелі імі скавацца. Яны таксама прынесьлі з сабой белае палатно з надпісам «love», — паведаміў прадстаўнік малапольскай паліцыі Сэбастыян Глень.
Супрацоўнік музэю Барташ Бартызэль паведаміў, што адразу пасьля пачатку інцыдэнту ў яго ўмяшалася музэйная ахова. Тэрыторыя была закрытая для наведнікаў, на месца здарэньня выклікалі паліцыю.
Паліцыя паведамляе пра затрыманьне 11 чалавек: 6 палякаў, 4 беларусаў і 1 немца (7 мужчын і 4 жанчыны) ад 20 да 27 гадоў. Паводле мас-мэдыяў, гэтак яны зьбіраліся пратэставаць супраць вайны ва Ўкраіне.
Паліцыя высьвятляе, ці нехта дапамог ім пранесьці на тэрыторыю музэйнага комплексу заплечнік з ягнём і кайданкамі.
Музэй у сваёй заяве падкрэсьліў, што выкарыстаньне сымболікі Асьвенціму для якіх бы то ні было дэманстрацыяў або хэпэнінгаў — абуральнае і вартае пакараньня. Гэта абражае памяць ахвяраў нямецкага канцлягеру.