Мінабароны абвяргае зьвесткі пра «надзвычайнае становішча» ў вайсковых частках

Карыстальнікі сацыяльных сетак спасылаюцца на сяброў і сваякоў, якія праходзяць тэрміновую службу ў беларускім войску. Паводле іхных зьвестак, напярэдадні акцыяў да Дня Волі ў розных гарадах Беларусі нібыта абвяшчаецца «надзвычайнае становішча» ў вайсковых падразьдзяленьнях.

«Дзяўчына сябра, які служыць у вайсковай частцы ў Горадні, сёньня даслала вось такое паведамленьне. Не давяраць сябру ці ёй у мяне падстаў няма», — піша адзін з карыстальнікаў, выкладаючы скрыншот.

Зьмест паведамленьня такі: «Паша казаў, што іх з палігону ўсіх адпраўляюць у частку, бо абвяшчаюць надзвычайнае становішча напярэдадні 25 сакавіка».

На просьбу пракамэнтаваць падобныя зьвесткі прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў адказаў ляканічна:

«Міністэрства абароны афіцыйна даводзіць: гэтая інфармацыя не адпавядае рэальнасьці. Так і напішыце, камэнтаваць тут няма чаго».