Алену затрымалі ў тралейбусе, зь якога людзі ў цывільным гвалтам «выкурвалі» анархістаў. На судзе яна засьведчыла, што яе «вывалаклі на вуліцу і цягалі па зямлі». Аднак ніякія аргумэнты на судзьдзю не падзейнічалі, усяго ёй прысудзілі 12 сутак адміністрацыйнага арышту — за нібыта непадпарадкаваньне работнікам праваахоўных органаў. На знак пратэсту супраць прысуду дзяўчына абвясьціла галадоўку.
Журналіст Аляксандар Ярашэвіч, сябар Алены Дубовік, кажа, што за кратамі яна трымаецца мужна і нават знаходзіць сілы, каб жартаваць:
«Алена галадае восьмы дзень. Гаворыць, што ежа сьніцца, але нават у сьне яна ня есьць. Жартам абураецца, што ў нейкім часопісе, які я ёй перадаў, былі карцінкі прадуктаў. А калі жартуе, значыць, трымаецца».
У падтрымку арыштаваных экаактывістак Алены Дубовік, Марыны Дубінай і Ксеніі Малюковай выступілі калегі-эколягі.