«Рэвалюцыя» пераносіцца на 26 красавіка? У сеціве ад імя Статкевіча заклікаюць не хадзіць на Дзень Волі

Мікалай Статкевіч

Праз адмыслова створаную групу ў мэсэнджары Viber ад імя Міколы Статкевіча з аднаго зь ягоных нумароў, якім палітык ужо не карыстаецца, распаўсюджваецца заклік «адмовіцца ад збору каля Акадэміі навук або ў іншых людных месцах 25 сакавіка».

Такое самае паведамленьне распаўсюджваецца ад імя Міколы Статкевіча ў сацыяльнай сетцы ЎКантакце. У паведамленьні прапаноўваецца «правесьці гэтую суботу зь сям’ёй, блізкімі і сябрамі, зьберагчы сябе для будучай барацьбы».

Паводле паведамленьня, Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу працуе над новымі мерапрыемствамі, наступная дата — 26 красавіка, Чарнобыльскі шлях.

«Мы абавязкова і вельмі хутка вернемся на вуліцы нашай сталіцы і пакажам уладам, хто сапраўдны гаспадар у краіне! Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу працуе над новымі мерапрыемствамі, наступная дата — 26 красавіка, Чарнобыльскі шлях. Гэта будзе новы фармат, які стане шокам для рэжыму і пачаткам яго канца», — напісана ў паведамленьні.

У «Фэйсбуку», якім Мікола Статкевіч рэгулярна карыстаецца, такога паведамленьня няма.

Свабода спрабавала атрымаць камэнтар Статкевіча з нагоды гэтага паведамленьня, але ягоны тэлефон не адказвае, праз «Фэйсбук» адказу таксама пакуль няма.