Сёньня ў цэнтры сталіцы заўважылі байцоў у чорнай уніформе, узброеных сучаснымі аўтаматамі нямецкай вытворчасьці.
З просьбай патлумачыць патрэбу ў такіх патрулях Свабода зьвярнулася да начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў Канстанціна Шалькевіча:
«Навошта вам, якая розьніца? Якому падразьдзяленьню загадана, такое і патрулюе. Сэнс пытаньня?»
Карэспандэнт: «Калі на вуліцу выходзяць аўтаматчыкі — гэта ўжо захады не будзённыя...»
«Вы ўвогуле інфармацыйнай сытуацыяй валодаеце, чытаеце навіны, якія штодня паступаюць? Калі так, то бачыце, як усё цяпер неспакойна. Вось гэтыя захады і зьвязаныя з той неспакойнай сытуацыяй, зразумела».
Сёньня раніцай два чалавекі з аўтаматамі былі заўважаныя на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, яшчэ два былі ў мэтро. Яны ўзброеныя нямецкімі MP5, што нядаўна паступілі на ўзбраеньне да беларускіх спэцслужбаў.