У Менгарвыканкаму няма «яснасьці» што да сустрэчы з заяўнікамі Дня Волі

Менгарвыканкам

Начальнік аддзелу грамадзка-масавай работы Менгарвыканкаму Юры Ўральскі не пацьвердзіў, ці адбудзецца заплянаваная на сёньня а 17-й гадзіне сустрэча з заяўнікамі шэсьця на Дзень Волі 25 сакавіка:

«Я ня тая службовая асоба, якая мае права даваць нейкія камэнтары. Таму зьвяртайцеся, калі ласка, да прэсавай службы Менгарвыканкаму. Гэта ўсё, што магу вам сказаць».

Карэспандэнт: «Можаце хаця б пацьвердзіць, ці адбудзецца сустрэча, якая ўжо некалькі разоў пераносілася?»

«Нічога вам сказаць не магу, я ня маю права даваць камэнтары, разумееце? Ёсьць службовы кодэкс дзяржслужбоўцаў, у якім канкрэтна запісана, хто і за што адказвае. Такая сутнасьць бюракратыі. І там у мяне запісана, што я ня маю права нічога камэнтаваць. Прабачце, але не ўпаўнаважаны».

Карэспандэнт: «Нават ня можаце канстатаваць сам факт сустрэчы а 17-й гадзіне?».

«Я разумею, але што зробіш? Магчыма, празь некаторы час нейкая яснасьць зьявіцца, але пакуль не, прабачце».

У прэсавай службе Менскага гарвыканкаму ніхто не здымае слухаўку.

Як ужо паведамляла Свабода, чацьвёра заяўнікаў акцыі на Дзень Волі напісалі, што здымаюць зь сябе адказнасьць, бо ўлады груба парушылі закон аб масавых мерапрыемствах. На сустрэчу ў Менгарвыканам пойдзе толькі адзін заяўнік, прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаў.