Польскія дэпутаты заклікаюць урад абараняць рэпрэсаваных у Беларусі

Гжэгаж Схэтына, лідэр польскай Грамадзянскай плятформы

Камісія замежных справаў польскага Сэйму 23 сакавіка зьвярнулася да польскага ўраду з заклікам прыняць неадкладныя захады дзеля абароны рэпрэсаваных асобаў у Беларусі.

У пастанове, падпісанай старшынём камісіі Гжэгажам Схэтынам, лідэрам Грамадзянскай плятформы і былым міністрам замежных справаў Польшчы, адзначаецца:

«Мы таксама чакаем, што, беручы пад увагу маштаб парушэньняў грамадзянскіх правоў і дэмакратычных свабодаў, урад Польскай Рэчы Паспалітай будзе працягваць ранейшую падтрымку і выступіць з новымі ініцыятывамі на карысьць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, асабліва на карысьць незалежных СМІ і праваабарончых арганізацыяў».

Рэзалюцыя Камісіі замежных справаў Сэйму таксама заклікае ўлады у Менску спыніць перасьлед удзельнікаў грамадзянскіх пратэстаў і вызваліць усіх затрыманых і асуджаных.