Салаўёў: Ідэі зжэрці Беларусь у Расеі няма

Уладзімір Салаўёў

Папулярны расейскі тэлевядучы Ўладзімір Салаўёў, якога называюць адным з самых уплывовых прапагандыстаў Крамля, адказаў на некалькі пытаньняў Свабоды ў сувязі з апошнімі рэпрэсіямі ў Беларусі.

Гурневіч: Спадар Салаўёў, за апошнія два тыдні ў Беларусі затрымалі звыш 200 чалавек. Гэта грамадзкія і культурніцкія дзеячы, праэўрапейскія беларускія актывісты. Спачатку па тэлеканалах заявілі, што выявілі лягеры баявікоў, а потым пачалі затрымліваць людзей, якіх выдавалі за гэтых баявікоў. Вас не зьдзіўляе такая чарговасьць?

Салаўёў: Пасьля таго, што вытварылі ва Ўкраіне людзі, якія лічылі сябе прыхільнікамі Эўропы, якія выявіліся звычайнымі нацыстамі, але ніяк не праэўрапейскімі, няма ў мяне ніякага даверу да тых, хто і ў Беларусі сябе называе праэўрапейскімі. Тэхналёгіі вельмі падобныя. Вось вы нават у сваім пытаньні кажаце прабеларускі і праэўрапейскі настроеныя. Дык так ці так?

Гурневіч: Тут няма ніякай супярэчнасьці.

Салаўёў: Дык і Эўропа розная. Ёсьць Эўропа Лё Пэн, а ёсьць Алянда. Ёсьць Эўропа, якая не прымае нацызм, а ёсьць Эўропа, якая ладзіць эсэсаўскія шэсьці.

Гурневіч: Учора па БТ паказалі затрыманага хлопца, і карціну ў яго дома. На ёй салдат зь бел-чырвона-белым сьцягам, які топча сымболіку Расейскага нацыянальнгаа адзінства, якое шмат хто лічыць нэанацысцкай арганізацыяй.

Салаўёў: А пры чым тут РНЕ?

Гурневіч: Магчыма гэта сымболіка таго, супраць чаго пратэстуюць гэтыя людзі. Супраць расейскага шавінізму і магчымага ўмяшаньня Расеі ў Беларусь.

Салаўёў: А якое там ёсьць умяшаньне?

Гурневіч: Я вам працытую дэпутата Палаты прадстаўнікоў Беларусі, прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі Ігара Марзалюка. Ён нам у інтэрвію сказаў, што тыя, хто ладзіць гэтыя акцыі пратэсту, езьдзяць кланяцца то на Старую плошчу, то ў Кіеў. Ён гэта паўтарыў пасьля і ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу.

Салаўёў: Калі чалавеку здаецца, што нехта езьдзіць на Старую плошчу і адначасова ў Кіеў, то яму трэба да псыхіятра. Наколькі я магу меркаваць з Масквы, Беларусь не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі расейскай грамадзкасьці. Ідэі зжэрці Беларусь у Расеі няма. Ёсьць часам канфлікты з пэўнымі палітыкамі альбо міністрамі, але на адносіны паміж народамі гэта не ўплывае. Лукашэнку кідае то ад жарснай любові, то да заклапочанасьці і крыўды. Але прычыны, часьцей за ўсё, у эканамічных спрэчках. Наглядзеўшыся на Януковіча, Лукашэнка разумее, што ўлада можа быць любой, акрамя слабой.

Гурневіч: Цяпер і блізкія да ўлады экспэрты, палітолягі, кажуць, што некаторыя сілавікі даюць Лукашэнку няправільную інфармацыю. І, маўляў, за гэтым можа стаяць прарасейскае лобі.

Салаўёў: Адкуль вы яго ўзялі, гэта лобі. Лукашэнка даўно б яго зачысьціў. Войска? Гэта анэкдот. Гэтым людзям трэба лячыцца.

Гурневіч: Вы такое самае казалі пра Крым, што ён Расеі непатрэбны.

Салаўёў: Я казаў пра вайну паміж Расеяй і Ўкраінай, што гэта самае вялікае няшчасьце, якое можа быць. Пасьля нацысцкага перавароту ў Кіеве, крымчане самі папрасіліся ў Расею.

Гурневіч: Вас не зьдзіяўляе, што за лягер баявікоў выдаюць дзіцячы лягер, якіх у Расеі, напрыклад, поўна. Ды і ў Беларусі гэта не навіна.

Салаўёў: А на тэрыторыі якой дзяржавы яны трэніраваліся?

Гурневіч: У Беларусі.

Салаўёў: А хто іх трэніраваў?

Гурневіч: Мясцовыя пэдагогі.

Салаўёў: Ведаеце, у Англіі многія таксама зьдзіўляюцца: як жа так, нашыя дзеці маюць добрую адукацыю, а цяпер яны ў Іраку і Сырыі ваююць на баку Ісламскай дзяржавы. А былі ж такія добрыя дзеці.

Гурневіч: У той жа час у Беларусі спакойна працуюць казацкія арганізацыі. І дзяцей вучаць карыстацца зброяй людзі, якія маюць на сабе нацысцкія татутроўкі і падтрымліваюць ДНР і ЛНР.

Салаўёў: Я не зьбіраюся ўмешвацца ў справы незалежнай дзяржавы.