Любоў і іншая мэтафізыка

Сабіна Брыло. Фота: Тацяна Алешка

Сабина Брило, «Это буквы»; «Кнігазбор», 2016.

«Трэцяга шляху няма. Вось па ім і трэба ісьці». Шклоўскі пісаў пра мастацкія стратэгіі, але атрымалася больш шырока. Напрыклад, спакусна думаць, што гэта пра стратэгію выжываньня. І лягічна думаць, што гэта пра паэзію.

Паэзія неканвэнцыйная — за тое яе і любім.

гэта сапраўды андэграўнд, як і абяцае анатацыя

Кніга Сабіны Брыло «Это буквы» выйшла дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і выдавецтву «Кнігазбор», але цалкам магчыма ўявіць яе самвыдатам. Бо гэта сапраўды андэграўнд, як і абяцае анатацыя. Гэта рок-н-рол, рэчытатыў, суправаджэньне вар’яцкага танца (зь верша «Тому спасибо, кто бросил меня однажды...»). Паэтычны нефармат, да якога цяжка падысьці з крытычным штампам.

Вершы Сабіны Брыло ня маюць відавочнага суседзтва, для іх ня так проста вызначыць кантэкст — месца на паліцы, як гэта колісь называлі ў аглядах. Наяўнасьць сюжэту, больш ці менш разгорнутай гісторыі, дакладная і падманліва аскетычная манера яе расказваць, робяць іх блізкімі вершам Тані Скарынкінай. Але з абодвух бакоў гэта толькі пэўныя выпадкі, а ў цэлым — дзьве самастойныя, незалежныя паэтыкі.

Недзе гэтыя вершы сугучныя вэрлібрам рускамоўнага эстонскага аўтара П. І. Філімонава — інтанацыйна і тым асаблівым паміжрадковым паветрам, «наднравственным трепетом» (цытата з верша П. І. Філімонава). Але тут, па-першае, ізноў варта агаворвацца і канкрэтызаваць, па-другое, відавочна, што казаць пра ўплывы несур’ёзна. Месца на паліцы — побач зь любімым і сапраўдным. І тады ўсе асацыяцыі, сугуччы будуць дыктавацца ўласным чытацкім досьведам і густам, і будуць у большай ступені пра чытача, чым пра аўтара.

вершы Сабіны Брыло занадта паэзія, каб быць раскладзенымі і вытлумачанымі

Паэзія як трэці шлях, завісаньне паміж, пераадоленьне немагчымага. Вершы Сабіны Брыло занадта паэзія, каб быць раскладзенымі і вытлумачанымі. Сапраўды, што тут можна раскласьці? што зрабіць аб’ектам прэпараваньня? Так тонка зьняты жыцьцёвы досьвед? Рэдкую, але дарэчную плятонаўскую мову («моцна цяжарная», «граждане люди», «на душе пересохло», «Господи, не спасибо...»)? Афарыстычнасьць, «странный ум»? Тэарэтычна магчыма, але... як жа катарсіс?

Прастата, бадай, тое, што кожны заўважае і адзначае ў вершах Сабіны Брыло. Гэта прастата марскога каменьчыка — гладкасьць, адшліфаванасьць і патэнцыял глыбіні. Сузіраньне, паветра і глыбіня — тое, што ачышчае і вызваляе, пакуль кругі разыходзяцца на вадзе. Чыстае дыханьне, паветра паміж радкамі, падводныя плыні — тое, чаму можна даверыцца, пайсьці за тэкстам, прачытаць яго і даць прачытаць сябе.

Уражаньне ад кнігі, на першы погляд, парадаксальнае. Прачытаныя паасобку, тэксты пакідаюць адчуваньне вельмі асьцярожнага выказваньня, хаджэньня вакол на дыбачках — не праз страх, вядома, а праз крохкасьць прадмету. Прачытаная цалкам, кніга падаецца выключна драйвовай і энэргічнай.

Супярэчнасьць, між тым, вытлумачальная. Кніга гэтая — зьняты жыцьцёвы досьвед, зьняты і абясшкоджаны:

Когда то, что давит, превращается в буквы

То, что жжёт,

превращается в буквы

То, что гудит в ушах,

Что оглушает...

<...>

Когда всё это

Всё это

Всё

Превращается в буквы —

Смотришь на буквы,

Думаешь: это буквы.

кніга не гаворыць лішняга, а яшчэ лепш — недагаворвае

Кніга гэтая не гаворыць лішняга, а яшчэ лепш — недагаворвае. Сутнаснае, сапраўды істотнае застаецца намёкам, няўлоўным, неакрэсьленым, не названым дакладна: «Проста нейкія, так, пачуцьці, нейкія глупствы, / проста нейкія словы, нейкія рухі, эмоцыі...» Кантрастам — падкрэсьленая фактурнасьць, прагаворанасьць зьнешняга: рэчаў, падзей, побыту (кухня, нэйлёнавы фартух, цыбуля, нажы, пералік хатніх абавязкаў). Цікава, дарэчы, што побыт тут адназначна жаночы, а любоў бясполая, агульная.

Так, гэтая кніга пра любоў. І пра жыцьцё, неабходны яго градус, прагу жыцьця, немагчымасьць задаволіцца тым, што ёсьць, умясьціцца ў адведзенае табе месца, разьмеранасьць і рутыну. У гэтым жыцьці не хапае жыцьця. У любові не хапае любові. Такі мэтасюжэт. Такое ўнутранае кіпеньне, што задае энэргію.

— Чего столпились на площади,

граждане люди?

Казни сегодня не будет,

чего ж вам надо?

— Мы все здесь хотим любви:

большой, настоящей,

невиданной, неописуемой —

разве нет?

Лепшыя кнігі пішуцца па любові. Ад лішку любові, які, папраўдзе, тое самае, што і недахоп.

Алена Карп