Мікола Статкевіч, Марына Адамовіч і іх каты ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Падчас відэаінтэрвію Свабодзе былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча своеасаблівым героем трансьляцыі стаў кот. «Гэта наша Лолачка вылезла, яна звычайна на акне сядзіць, глядзіць на вуліцу і вельмі любіць увагу», — расказала жонка палітыка Марына Адамовіч.

У Міколы і Марыны ў доме жывуць адна котка і тры каты. «Старэйшы, Бонечка, можа проста залезьці на рукі і хвастом пакруціць перад камэрай», — працягвае Марына Адамовіч.

Катоў забрала з вуліцы Марына. «Як Мікола жартуе, калі людзі даведваюцца, што ў нас чатыры каты, з прыдыханьнем кажуць: „Пародзістыя, напэўна“, Мікола заўсёды адказвае: „Так, з самых элітных сьметніц гораду“. Двое самі прыйшлі кацянятамі малымі, а дваіх мы рэальна забралі са сьметніцы», — згадвае яна.



Пытаюся ў яе, Мікола ўсё ж «кашачнік» ці «сабачнік»?

«Мікола, канечне, сабачнік, але воляй лёсу апынуўшыся ў такім атачэньні, наладзіў свае адносіны и з катамі. Баніфацый, наш старэйшы кот, прызнаў Міколу за галоўнага. Яны пэўны час канкуравалі, спрабавалі змагацца. Мікола раней сьмяяўся: „Як гэта месца пры гаспадыні заняў ты, вялікі, безвалосы кот“. Але потым наладзіліся ў іх адносіны», — згадвае Марына пэрыяд, калі Мікола вярнуўся пасьля амаль пяці гадоў зьняволеньня.



Цікаўлюся, дзе любяць спаць каты?

«Канечне, любы нармальны кот любіць ложак. Праўдамі і няпраўдамі імкнуцца пранікнуць туды. Калі яны яшчэ досьведу ня мелі і па старой звычцы беглі ўвечары ў спальню, клаліся на ложак, чакалі, пакуль я вярнуся. Я прыходзіла і зганяла іх. Таму мудры Баніфацый увечары адразу хаваўся, а потым вылазіў і ўкладваўся ў нагах».

Беларусь між народамі: Каты

Далей мы пераходзім да размовы на больш сурʼёзныя тэмы. Марына лічыць сумным жарт, які пабачыла ў Фэйсбку ў журналіста Зьмітра Галко: «Вярніце ката Дашкевічу». Пасьля ператрусу спэцслужбаў з кватэры Дашкевічаў зьніклі грошы і кот Леапольд.

Your browser doesn’t support HTML5

Мікола Статкевіч: «Мы год пражылі ў раі і гэтага ўжо ніхто не адыме»


Што да сытуацыі з бацькоўскім домам Марыны, з рашэньнем уладаў аб яго зносе, жонка Статкевіча аптымізму вялікага ня мае.

«Інтэнсыфікавалі працы побач, ня ведаю, што будуць, калектар ці што, але процьма тэхнікі... Мы расчысьцілі кавалак старога саду, хацелі з восені пасадзіць новы сад...».

Але трывожна Марыне Адамовіч ня толькі з прычыны пагрозы страціць жыльлё.

«Трывожна зараз любому нармальнаму чалавеку. У краіне нагнятаецца гістэрыя, кляпаюцца дзікія справы, калі людзі рэальна сядзяць ужо ў СІЗА КДБ з дзікімі абвінавачваньнямі. „Масавыя беспарадкі“ ізноў пачалі рыхтавацца, і настолькі розных людзей нахапалі, каб стварыць арганізаваную злачынную групоўку».

Былы палітвязень, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч узяў на сябе адказнасьць за правядзеньне Дня Волі. З апошнія некалькі тыдняў у Беларусі затрыманыя некалькі сотняў чалавек, каля 100 чалавек знаходзяцца за кратамі, частка — у СІЗА КДБ.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Мікола Стакевіч быў асуджаны за арганізацыю «масавых беспарадкаў» да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У 2012 узнагароджаны прэміяй «За асаблівую палітычную мужнасьць» імя Вілі Бранта. У жніўні 2015 году быў вызвалены з-за кратаў.