МЗС Украіны не выключае датычнасьці Расеі да дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі

МЗС Украіны

Міністэрства замежных спраў Украіны абвяргае заявы Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта падрыхтоўку на тэрыторыі Ўкраіны узброеных баевікоў для дэстабілізацыі сытуацыі на тэрыторыі Беларусі.

«Выказваньні кіраўніцтва Беларусі не адпавядаюць рэчаіснасьці, ёсьць правакацыйнымі і шкодзяць разьвіцьцю добрасуседзкіх стасункаў паміж Украінай і Беларусьсю», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

Украінскія дыпляматы зьвяртаюць увагу на тое, што менавіта Расея, партнэр Беларусі па Саюзнай дзяржаве, у часе гібрыднай агрэсіі разьвіла як на сваёй тэрыторыі, так і на акупаваных украінскіх землях цэлыя трэнавальныя лягеры для наймітаў і баевікоў. «Мы гатовыя да цеснага міжнароднага супрацоўніцтва ў супрацьдзеяньні любых праяў тэрарызму, у тым ліку зь Беларусьсю», — падкрэсьлілі ў МЗС Украіны.

Падтрымліваючы і экспартуючы тэрарызм, Расея мэтанакіравана падрывае стабільнасьць і бясьпеку ў рэгіёне, у які ўваходзяць як Украіна, так і Беларусь. Украіна перадала ў Міжнародны суд ААН шматлікія доказы падтрымкі і фінансаваньня Расеяю тэрарызму на акупаваных тэрыторыях Украіны», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.