23 сакавіка аб 11.30 у судзе Ленінскага раёну гораду Менску мае адбыцца разгляд адміністрацыйнай справы Міколы Статкевіча і Ўладзімера Някляева за іх удзел у несанкцыянаванай акцыі 17 лютага ў сталіцы.
Раней пасяджэньне было прызначана на 20 сакавіка, але абодва палітыкі ў суд не зьявіліся і разгляд справы перанесьлі.
Як паведаміла памочніца старшыні Менскага гарадзкога суду Настасься Шыльвян, у выпадку паўторнай няяўкі судзьдзя вырашыць, што рабіць. Ня выключана, што Статкевіча і Някляева будуць судзіць завочна. У дачыненьні абодвух палітыкаў заведзены адміністрацыйныя справы паводле часткі 3 артыкулу 23.34 (паўторнае парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і ўдзел у іх).
20 сакавіка Мікола Статкевіч казаў, што не пайшоў у суд, бо не атрымаў позвы.
Уладзімер Някляеў з 22 сакавіка знаходзіцца ў Варшаве, дзе сустракаецца з польскімі палітыкамі. У Беларусь ён вернецца 24 сакавіка.