Аўрал у Ветцы: прыедзе Аляксандар Лукашэнка

Невялічкі райцэнтар Ветка на ўсходзе Гомельскай вобласьці перажывае дарожна-фасадны бум. Капаюць на цэнтральных вуліцах, ставяць бардзюры, кладуць асфальт. Адначасна фарбуюць фасады будынкаў, правяць вулічныя ліхтары, ладзяць тэлефонную сувязь.

«Нам загадалі завяршыць усе вулічныя работы да 20 красавіка», — тлумачыць Аляксандар, дарожнік з Рэчыцы. Разам зь іншымі рэчыцкімі работнікамі ён парадкуе асфальт дарожнага кола на скрыжаваньні вуліц Кастрычніцкая і Батракова.

Вуліца Батракова

Вуліца Кастрычніцкая

За паўсотні мэтраў ад гэтага дарожнага кола, на разрытым участку той жа вуліцы Батракова, якая прымыкае да вуліц Грамыкі і Леніна, у пад’ёмных аўталюльках гойдаюцца каля вулічных ліхтароў электрыкі з гомельскага прадпрыемства «Гарэлектрасеткі». Новыя правады вужакамі цягнуцца па сьвежым пяску, дзе маюць рабіць ходнік.

Далей па вуліцы Кастрычніцкай раўнуюць рыдлёўкамі асфальтную крошку дарожнікі з Буда-Кашалёва. Соўгаецца дарожная тэхніка ДРБУ-184.

Парадкуюць вуліцы Веткі і дарогі да яе рабочыя з Добрушу, гомельскага ДЭУ-46. На пад’езьдзе да райцэнтру ў вёсцы Хальч, што на правым баку Сожу, платы фарбуюць культаработнікі супольна з пэрсаналам дзіцячага садку.

Маштабная рэканструкцыя вядзецца ў цэнтры, на Краснай плошчы. Сквэр прарэджаны, некаторыя дрэвы сьпілаваныя. Рабочыя з Брагіну, якія працуюць у ДРСУ-155, зьнялі ўсю плітку з ходнікаў, каб замяніць яе на сьвежую.

Новую мармуровую абліцоўку атрымлівае пастамэнт помніка Леніну. Прыежджыя спэцыялісты фарбуюць фасады бібліятэкі, музэю, Дома культуры. Мяняюць бардзюры і кладуць асфальт на прылеглай да Краснай плошчы вуліцы Савецкай.

57-гадовы беспрацоўны веткавец, які назваўся Іванам, так адклікаецца на ажыятажнае парадкаваньне райцэнтру:

«Лукашэнка прыедзе 26 красавіка, на чарнобыльскую гадавіну — так у нас кажуць. Каб да гэтага парадкаваньня яшчэ й працоўных месцаў дадалі, было б правільна. У нас жа многія ў Расею кідаюцца ў пошуках заробку. Я раней у камунгасе рабіў. Цяпер бязь працы. Баваўнянапрадзільная фабрыка, лічы, загнулася, распрадаецца. Ткацкая й малаказавод таксама. Засталіся толькі камунгас і райаграсэрвіс. Ды яшчэ Чарнобыль паўраёна адабраў. Вось і жыві».

Некаторыя веткаўцы згадваюць, што іхнае мястэчка Аляксандар Лукашэнка наведваў у 2005 годзе.

«Заяжджаў у нашу раённую бальніцу і кветкі да памятнага знаку адселеным вёскам ускладваў. Тады, здаецца, новы асфальт на Інтэрнацыянальнай і Кастрычніцкай таксама ўкладвалі», — толькі і прыгадвае кабета сталага веку, што прысела адпачыць на лаўцы аўтобуснага прыпынку.