У Дашкевічаў правялі дома ператрус: зьніклі грошы і кот

Пакуль жонкі лідэра Маладога Фронту, Насты Дашкевіч, не было дома, у іх дома прайшоў ператрус.

«Адзінае, чаго я баялася, гэта начнога ператрусу з маленькімі дзеткамі на руках. Як яны будуць рэагаваць, як іх супакойваць і г. д. Але супрацоўнікі карных ворганаў паклапаціліся пра гэта: ператрус адбыўся без маёй прысутнасьці. Што тут шукалі і што знайшлі застанецца загадкай» — напісала Наста Дашкевіч у сваім Фэйсбуку.

Пасьля таго, як Наста Дашкевіч зь дзецьмі вярнулася дадому, нягледзячы на тое, што дзьверы былі зачыненыя на ключ, Наста заўважыла ў кватэры перамены.

«Я прыйшла дахаты, адкрыла дзьверы сваім ключом, зайшла ў кватэру, мяне зьдзівіла, што дзьверы адчыненыя, стаяць крэслы ў пакоі (відаць, панятыя сядзелі). Рэчы дасталі, Зьмітра адзеньне — камуфляж, дакумэнты наверсе. Няма татальнага вэрхалу, але бачна, што шукалі нешта».

Паколькі двое малых дзяцей сьпяць, Наста Дашкевіч яшчэ ня можа выявіць, што зьнікла а што не, але праз параду ў сацыяльных сетках спраўдзіла, ці на месцы грошы:

«Там было мо даляраў 300-400 у двух капэртах: адпачынак і рэзэрвовыя» — кажа Наста Дашкевіч. — Усё прапала, шкада. Можа для кагосьці гэта не вялікая сума, але я адна засталася з двума дзецьмі і забіраць грошы, гэта так...".

Акрамя таго, зьнік кот Леапольд, што хутчэй за ўсё стане назаўтра непрыемнай навіною для дзяцей, кажа Наста.