Палітык падаў маршрут — ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасьці па праспэкце Незалежнасьці. Пачнецца акцыя а 14 гадзіне на пляцоўцы каля Акадэміі навук.
«У сувязі з плянаванай вялікай колькасьцю людзей на Маршы прапаную ў мэтах іх бясьпекі вызваліць ад руху транспарту дзьве крайнія правыя паласы праезнай часткі праспэкту Незалежнасьці для бесьперашкоднага праходу ўдзельнікаў Маршу», — гаворыцца ў заяве Статкевіча.
«У Беларусі адсутнічае законна абраны парлямэнт і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму, у адпаведнасьці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляю пра свой намер правесьці 25 сакавіка масавую акцыю за 5 дзён да яе пачатку. Прапаную выканаць патрабаваньні Канстытуцыі і забясьпечыць бесьперашкоднае і бясьпечнае правядзеньне акцыі», — піша Статкевіч у заяве ад 20 сакавіка.