Служба бясьпекі Ўкраіны на тры гады забараніла ўезд у краіну сьпявачцы Юліі Самойлавай, якая павінна была прадстаўляць Расею на конкурсе «Эўравізія-2017» у Кіеве.
Пра гэта распавяла прадстаўніца СБУ Алена Гітлянская ў сваім Фэйсбуку.
У 2015 годзе Самойлава выступала ў анэксаваным Крыме, прыляцеўшы туды з Масквы. Такім чынам, расейская сьпявачка парушыла ўкраінскае заканадаўства, згодна зь якім наведваньне паўвострава магчымае толькі з дазволу Кіева.
Аб падрыхтоўцы дакумэнту пра забарону на ўезд ва Ўкраіну Самойлавай стала вядома яшчэ 20 сакавіка. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў тады заявіў, што Расея ня будзе мяняць свайго прадстаўніка на Эўравізіі-2017.
На конкурсе яна павінна была выступіць з песьняй «Flame is Burning».